BE RU EN

З мора паднялі 80-тонныя часткі аднаго з сямі цудаў свету

  • 13.08.2026, 15:58

Спатрэбіліся баржа і магутны кран.

Ля берагоў Аляксандрыі са дна мора дасталі 22 велізарныя каменныя блокі — кожны важыць ад 70 да 80 тон. Даследчыкі адзначаюць, што знаходка стане важным крокам да лічбавай рэканструкцыі Аляксандрыйскага маяка — аднаго з сямі цудаў старажытнага свету, паведамляе Daily Galaxy.

Сярод паднятых са дна прадметаў — вялікія дзвярныя перамычкі, касякі, парог і пліты, на якіх стаяла збудаванне. Знайшлі і тое, чаго раней не бачылі: вароты ў егіпецкім стылі. Навукоўцы мяркуюць, што ўсе гэтыя камяні калісьці складалі галоўны ўваход у маяк — месца, дзе змяшаліся егіпецкі і грэчаскі стылі будаўніцтва. Каб здабыць такія цяжкія глыбы з вады, спатрэбіліся баржа і магутны кран.

Паднятыя блокі цяпер будуць вывучаць і сканаваць. Разам з імі ўжо сабралася больш за 100 такіх блокаў, якія даследавалі пад вадой за апошнія дзесяць гадоў. Кожны камень фатаграфуюць з усіх бакоў, а потым на падставе гэтых здымкаў камп'ютар стварае дакладную 3D-мадэль — так інжынеры могуць «павярнуць» камень у камп'ютары, нават не датыкаючыся да яго.

Пра руіны на дне мора вядома яшчэ з 1968 года. У 1995 годзе іх дэталёва даследавалі і ўнеслі ў каталог. А яшчэ раней, у 1994 годзе, на дне налічылі больш за 3300 розных прадметаў — сфінксаў, калонаў, гранітных глыбаў.

Гэтыя раскопкі — частка буйнага праекта PHAROS. Як адзначаецца, навукоўцы ў межах праекта таксама збіраюць старадаўнія малюнкі і тэксты пра маяк — пачынаючы з часоў, калі яго толькі пабудавалі, і аж да моманту, калі ён разбурыўся.

Далей кожны камень «прымерваюць» у камп'ютарнай праграме, быццам складаючы велізарны пазл, — каб зразумець, як усё выглядала насамрэч. Мэта — стварыць лічбавую копію маяка, настолькі дакладную, каб людзі маглі віртуальна прагуляцца па ім, як па сапраўдным.

Маяк пабудавалі яшчэ да нашай эры па загадзе правіцеля Пталямея I. Ён стаяў на востраве Фарос і дасягаў вышыні больш за 100 метраў — на той час гэта было адно з самых высокіх збудаванняў у свеце. У фондзе Dassault Systèmes яго нават называюць першым «небаскробам» у гісторыі чалавецтва: больш за тысячу гадоў яго святло паказвала маракам шлях да порта.

Апошнія навіны