Дэфіцыт бензіну дасягнуў Масквы: на АЗС — вялікія чаргі
- 13.08.2026, 17:19
АІ-95 месцамі адсутнічае.
У Маскве і Маскоўскай вобласці зноў узніклі перабоі з бензінам — на частцы АЗС паліва няма, а каля заправак, дзе яно засталося, утвараюцца чаргі. Асабліва адчувальным стаў дэфіцыт бензіну АІ-95. Пра гэта піша The Moscow Times са спасылкай на паведамленні жыхароў Масквы і Падмаскоўя.
Паводле слоў расіян, АІ-95 адсутнічае на частцы заправак «Газпрама» і «Раснафты», дзе літр каштуе каля 71–74 рублёў, а таксама на АЗС «Нафтамагістраль» і Teboil, дзе цэны дасягаюць 85–95 рублёў і вышэй.
Адзін з жыхароў распавёў, што па дарозе за горад змог знайсці АІ-95 толькі на адной запраўцы, каля якой утварылася вялікая чарга.
Пра праблемы паведамляюць і на Яраслаўскай шашы. Паводле слоў мясцовага жыхара, там працуе толькі каля паловы АЗС, а чаргі месцамі выходзяць проста на трасу.
Яшчэ адна жыхарка Масквы заявіла, што не змагла знайсці АІ-95 на некалькіх запраўках, якія аб'ехала, а там, дзе бензін быў, яго кошт дасягаў 120 рублёў за літр.
«Там, дзе ёсць бензін, уначы зноў утвараюцца чаргі, на многіх запраўках бензіну няма ўвогуле», — распавёў адзін з жыхароў расійскай сталіцы.
Таксама паступаюць паведамленні пра пустыя АЗС Teboil і «Траса» на Чырвонаармейскай шашы і пра недахоп бензіну на запраўках «Татнафты» ў Каралёве.
Перабоі з бензінам у Маскве і Маскоўскай вобласці ўзніклі на фоне новай серыі ўдараў украінскіх дронаў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах.
Паводле звестак расійскіх СМІ, праблемы з палівам фіксуюцца ўжо як мінімум у 18 рэгіёнах РФ. Акрамя Масквы і Падмаскоўя, пра іх паведамляюць у Калужскай, Саратаўскай, Смаленскай, Растоўскай, Тамбоўскай, Тульскай, Ульянаўскай, Пензенскай, Арэнбургскай, Разанскай, Ліпецкай і Варонежскай абласцях, Башкартастане, а таксама ў Прыморскім, Краснадарскім і Краснаярскім краях.