Археолагі знайшлі пад Бешанковічамі ўнікальны амулет каменнага веку
- 13.08.2026, 17:58
Знаходцы — каля пяці тысяч гадоў.
Экспедыцыя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пад кіраўніцтвам Максіма Чарняўскага завяршае вывучэнне помніка неаліту і ранняга бронзавага веку Асавец-2, піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Галоўнай знаходкай апошніх дзён стаў касцяны амулет паўночнабеларускай культуры ў выглядзе жывёлы, датаваны сярэдзінай III тысячагоддзя да н.э. Артэфакт быў выяўлены непасрэдна падчас расчысткі матэрыка.
Таксама сярод характэрных знаходак гэтага сезона — падвеска з мядзведжай фалангі, крамянёвыя сякеры і бурштынавыя гузікі.
Асавец-2 належыць да катэгорыі тарфяных паселішчаў, што робіць яго выключна каштоўным для навукі. Пасля таго як людзі пакінулі гэтую тэрыторыю, культурны пласт апынуўся пад вадой і быў пакрыты слоем тарфу. Дзякуючы анаэробнаму асяроддзю і недахопу кіслароду тут выдатна захаваліся не толькі кераміка і крамянёвыя прылады, але і арганічныя прадметы: вырабы з косткі, рага, дрэва, а таксама паляўнічае і рыбалоўнае снаражэнне.