У Германіі ўвялі новыя ўмовы для ўкраінскіх мужчын
- 14.08.2026, 7:00
Часовую абарону змогуць атрымаць мужчыны прызыўнога ўзросту, якія выканалі вайсковы абавязак.
Германія змяніла правілы прадастаўлення часовай абароны для часткі ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту. Новыя абмежаванні датычацца мужчын ва ўзросце ад 23 да 60 гадоў, якія прыбылі ў краіну пасля 31 ліпеня 2026 года. Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Германіі.
Змены звязаныя з уступленнем у сілу адпаведнага пункта рашэння Савета ЕС. Адныне часовую абарону змогуць атрымаць мужчыны прызыўнога ўзросту, якія выканалі вайсковы абавязак. Для гэтага яны павінны пацвердзіць, што выехалі з Украіны на законных падставах або маюць вызваленне ад вайсковай службы.
У той жа час новыя правілы не распаўсюджваюцца на мужчын, якія знаходзіліся ў Германіі да 31 ліпеня 2026 года і ўжо атрымалі часовую абарону. Ім статус, як і іншым украінскім бежанцам, аўтаматычна падаўжаецца да сакавіка 2028 года.
Украінскія мужчыны мабілізацыйнага ўзросту, якія не маюць падстаў для атрымання часовай абароны, але жадаюць застацца ў Германіі, могуць падаць заяву аб прадастаўленні прытулку. Такія звароты Федэральнае ведамства ў пытаннях міграцыі і бежанцаў (BAMF) будзе разглядаць у індывідуальным парадку.
Разам з тым у нямецкім Міністэрстве ўнутраных спраў не выключылі магчымасць дэпартацыі тых украінцаў, якія не будуць мець законных падстаў для знаходжання ў краіне.