BE RU EN

Японія рыхтуе жорсткі адказ Пуціну за яго візіт на Курылы

  • 14.08.2026, 8:43

Востраў Ітуруп ужо даўно з’яўляецца спрэчнай тэрыторыяй.

Токіа плануе разгледзець супрацьмеры ў адказ на візіт расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна на адзін з астравоў Курыльскага архіпелага, які з’яўляецца спрэчнай тэрыторыяй паміж Японіяй і РФ.

Пра гэта паведамляе NNK.

У Токіа разглядаюць, што адной з магчымых мераў у адказ на паездку Пуціна можа стаць ужорстчанне санкцыяў супраць Расіі. Выданне нагадвае, што Японія ўжо ўвяла абмежаванні супраць Масквы разам з міжнароднымі партнёрамі з-за поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.

NNK нагадвае, што ў Японіі чатыры астравы называюць Паўночнымі тэрыторыямі. Токіа лічыць іх неад’емнай часткай сваёй тэрыторыі і заяўляе, што яны былі незаконна акупаваныя Расіяй пасля Другой сусветнай вайны.

Прэм’ер-міністр Японіі Такаічы Санаэ заявіла, што візіт Пуціна на Ітуруп супярэчыць пазіцыі японскага ўрада. Паводле яе слоў, астравы «з’яўляюцца неад’емнай тэрыторыяй Японіі, улічваючы гістарычныя факты і міжнароднае права».

Яна таксама падкрэсліла, што візіт расійскага дыктатара «шкодзіць грамадскім настроям японскага народа і абсалютна непрымальны».

Такаічы адзначыла, што паездка Пуціна можа ўскладніць аднаўленне адносін паміж Японіяй і Расіяй у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.

Японія выклікала пасла РФ

Міністр замежных спраў Японіі Мотэгі Тасіміцу выклікаў пасла Расіі ў Токіа Николая Ноздрева у Міністэрства замежных спраў.

Падчас сустрэчы Мотэгі выказаў рашучы пратэст з-за візіту Пуціна. Ён заявіў, што аднабаковая паездка расійскага прэзідэнта будзе мець надзвычай негатыўны ўплыў на двухбаковыя адносіны.

Японскі міністр папрасіў расійскага пасла неадкладна перадаць гэтыя пазіцыі ўраду РФ.

Тэрытарыяльная спрэчка

У 2022 годзе Расія абвясціла пра спыненне перамоваў з Японіяй па мірнай дамове пасля таго, як Токіа ўвяло санкцыі супраць Масквы з-за ўварвання РФ ва Украіну. Перамовы таксама датычыліся тэрытарыяльнага пытання па спрэчных астравах.

У той жа час японскі ўрад працягвае падтрымліваць кантакты з Расіяй, нягледзячы на вайну супраць Украіны. У мінулым месяцы Мотэгі коратка пагаварыў з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым на Філіпінах.

Аналітыкі чакаюць далейшага абвастрэння і без таго напружаных адносін паміж Японіяй і Расіяй.

Нагадаем, 13 жніўня Пуцін наведаў востраў Ітуруп, які Японія лічыць сваёй тэрыторыяй. Гэта выклікала абурэнне міжнароднай супольнасці і Украіны ў прыватнасці.

Апошнія навіны