«На вышыні 4500 метраў знайшлі снараджэнне, высноваў не робім»
- 14.08.2026, 9:56
Пошукі беларускіх альпіністаў у Кіргізстане працягваюцца.
Пошукі беларускіх альпіністаў у Кіргізстане працягваюцца. 13 жніўня пошукавы атрад на адзнацы каля 4500 метраў знайшоў снараджэнне мужчын. Пра гэта паведамляецца на спецыяльным сайце, прысвечаным пошуку зніклых.
13 жніўня верталёт выратавальнай місіі паспеў здзейсніць тры вылеты, таксама працавалі дроны. Пошукавікі змаглі агледзець схілы да 6000 метраў, але зняць усё падрабязна перашкодзіў моцны шквалісты вецер, і падысці блізка да скал аказалася немагчыма.
«Пры аглядзе заходняга боку грэбня, на вышыні каля 4500 метраў, пад грэбнем выяўлены заплечнік і аранжавая рэч — спальнік або куртка, па відэа дакладней пакуль не сказаць. Побач з імі асобныя прадметы, мяркуючы па ўсім, з гэтага ж заплечніка. Снараджэнне, відаць, належыць аднаму чалавеку з групы. Ні саміх хлопцаў, ні іхніх слядоў вакол і на грэбні не відаць. Высноваў мы пакуль не робім, але карціна складаецца так: рэчы, найверагодней, згубленыя на спуску. Калі б на гэтым участку сарвалася звязка, побач ляжала б снараджэнне і астатніх удзельнікаў. Яго няма», — паведамілі пошукавікі.
Яны дадалі, што адкуль менавіта ўпаў заплечнік, яшчэ трэба зразумець: паводле рэльефу ён мог прыляцець з крутога ўчастка вышэй за першы лагер, з вышынь 5100−5300 метраў.
«Участак, пра які ідзе гаворка, адзін з самых складаных на грэбні: скалы і натэчны лёд, за якія амаль немагчыма арганізаваць страхоўку. Нават у добрае надвор'е там пастаянна нешта сыплецца, а ўнізе, пад лавіннымі вынасамі, вялікія трэшчыны. Увечары пошукі спыніў дождж», — гаворыцца ў справаздачы.
Зараз ідзе апрацоўка здымкі, перададзенай з дрона і з верталёта. Запісы разбірае асобная група: альпіністы, валанцёры і блізкія хлопцаў глядзяць відэа пакадрава разам з камп'ютэрным бачаннем, якое падсвечвае на схіле ўсё незвычайнае.
Пошукі працягваюцца.
Нагадаем, трое альпіністаў — беларусы Максим Полянский, Николай Свиридов і грамадзянін Літвы Сергей Рубцов — здзяйснялі ўзыходжанне на пік Курумду (Памір-Алай і Заалайскі (Чон-Алайскі) хрыбты па Паўночным грэбні) і перасталі выходзіць на сувязь 4 жніўня. Месцазнаходжанне групы пакуль невядома. Паведамлялася, што быў знойдзены іх пусты намёт.