Беларуская пракуратура ўзялася за «цублі» з банка прыколаў
- 14.08.2026, 12:52
Патрэбавалі прыбраць з продажу сувенірныя грошы.
Прыбраць з продажу сувенірныя банкноты з «банка прыколаў» запатрабавала пракуратура Ленінскага раёна Мінска. У наглядным ведамстве заявілі, што нясапраўдныя купюры занадта падобныя да сапраўдных беларускіх рублёў і часта выкарыстоўваюцца зламыснікамі.
Пракуроры вывучылі адміністрацыйныя справы па фактах дробных крадзяжоў і звярнулі ўвагу, што зламыснікі нярэдка разлічваліся ў крамах сувенірнымі банкнотамі, наміналам «10 цублёў» і «20 цублёў», якія візуальна вельмі падобныя на сапраўдныя рублі.
Супрацоўнікі нагляднага ведамства таксама высветлілі, што на сувенірных «цублях» малюнак надрукаваны на абодвух баках паперы, а «габарыты» банкнот амаль адпавядаюць памерам сапраўдных банкнот. Гэта парушае пастанову Нацбанка «Аб патрабаваннях да ўзнаўлення выяваў банкнот і манет».
Пракуроры ўстанавілі сайт, на якім прадаюць сувенірныя «цублі», і запатрабавалі ад кіраўніка пляцоўкі прыбраць тавар з продажу.
Дырэктар інтэрнэт-пляцоўкі спрачацца з супрацоўнікамі нагляднага ведамства не стаў і спыніў продаж нясапраўдных банкнот.