Дугін: Не будзе ні Масквы, ні Санкт-Пецярбурга
- 14.08.2026, 13:15
Адыёзны пуцінскі ідэолаг заклікаў масава высельваць расіян з мегаполісаў.
Расійскіх грамадзян трэба перасяляць з буйных гарадоў-мільённікаў у сёлы і вёскі з-за надыходзячай ядзернай вайны з Захадам. З такой прапановай выступіў эксцэнтрычны філосаф Аляксандр Дугін, аўтар канцэпцый «сонечнага Пуціна» і «рускага свету», якога заходнія СМІ называлі настаўнікам расійскага прэзідэнта.
Паводле слоў Дугіна, вайна з заходнімі краінамі «не проста верагодная, а амаль непазбежная», а яе ператварэнне ў ядзерную — «вельмі верагодна».
«Расійскія мегаполісы, у якіх сканцэнтравана ўсё жыццё, уся прамысловасць, уся эканоміка, становяцца ласай мэтай для прыцэльных удараў. (Таму) патрэбна неадкладнае і масавае рассяленне гарадоў, асабліва мегаполісаў», — прапануе Дугін.
Паводле яго слоў, людзі, якія маюць уласную зямлю, «нараджаюць непараўнальна больш дзяцей, чым у гарадах». «Не будзе ніякіх буйных гарадоў: ні Масквы, ні Санкт-Пецярбурга, ні Екацярынбурга, — прагназуе Дугін. — Людзі паедуць на зямлю спакойна жыць. А шматпавярховыя будынкі можна аддаць пад фермы, напрыклад, для майнінгу біткойнаў. Няхай там жывуць камп’ютары, няхай жывуць робаты».
Фігурант санкцыйных спісаў ЗША, Еўрасаюза і Канады, Дугін раней заклікаў ставіцца да працаўнікоў сілавых структур (МУС, ФСБ, Расгвардыі) як да «пасланцаў Бога», заяўляў, што за расіянамі сочаць распрацаваныя на Захадзе бытавыя прыборы, уключаючы кавамолкі і разеткі, а пасля удараў ракетамі «Арэшнік» па Украіне заклікаў усіх тэрмінова «крыжацца» з-за хуткага канца свету.
У сакавіку 2026 года Дугін заклікаў узмацніць кантроль дзяржавы над людзьмі, а саміх людзей — прыняць свае цярпенні як непазбежныя. «Мы, рускія, заўсёды цярпелі ў гісторыі. Такая наша доля. Мы вялікі народ, і калі з кімсьці абышліся несправядліва, гэта толькі дзеля смірэння і славы», — тлумачыў Дугін.
У ліпені Дугін прапаноўваў мабілізаваць на фронт масквічоў, якія вядуць спакойнае жыццё на Патрыяршых сажалках, і параўноўваў іх з «мурашамі». Расія вядзе «свяшчэнную народную вайну» з Захадам, якая можа «скончыцца канцом чалавецтва», сцвярджаў Дугін.