У Аўстрыі выяўлены 21 расійскі шпіён
- 15.08.2026, 10:02
Спіс перададзены вайскоўцам.
Мінабароны Аўстрыі ўзмацніла меры абароны ад магчымых спроб расійскай выведкі завербаваць або атрымаць інфармацыю ад аўстрыйскіх вайскоўцаў. Ведамства распаўсюдзіла сярод вайскоўцаў звесткі пра 21 расійскага дыпламата, якія звязаныя са спецслужбамі РФ і вядуць шпіёнскую дзейнасць.
Пра гэта паведаміла аўстрыйская газета Der Standard пасля журналісцкага расследавання выдання «Агентство» пра прысутнасць агентаў спецслужбаў РФ сярод расійскіх дыпламатаў у Аўстрыі.
Спіс з імёнамі расійскіх шпіёнаў быў накіраваны ўсім супрацоўнікам Мінабароны Аўстрыі, а таксама 23 тысячам рэзервістаў.
Вайскоўцаў папрасілі звярнуць увагу на магчымыя спробы прадстаўнікоў расійскага дыпламатычнага корпуса ўсталяваць з імі кантакт.
Калі хто-небудзь з указаных у спісе людзей знаёмы з вайскоўцам або спрабаваў выйсці на яго наўпрост, атрымальніка ліста папрасілі паведаміць пра гэта аўстрыйскай контрвыведцы.
Кіраўніца аўстрыйскага абароннага ведамства Клаўдыя Танэр пацвердзіла занепакоенасць наконт магчымых кантактаў расійскіх разведчыкаў з ваеннымі Аўстрыі.
Яна адзначыла, што дзейнасць спецслужбаў РФ накіраваная на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне і распаўсюджванне расійскіх наратываў.
У сваю чаргу, Сацыял-дэмакратычная партыя і «Зялёныя» запатрабавалі ад аўстрыйскага ўрада дэталёвага расследавання магчымых кантактаў вайскоўцаў з расійскімі шпіёнамі.