BE RU EN

Тры краіны Еўропы рыхтуюць уласны фармат мірных перамоваў па Украіне

  • 15.08.2026, 13:32

Да кансультацый хочуць прыцягнуць Польшчу, Італію і краіны Паўночнай Еўропы.

Францыя, Германія і Вялікабрытанія працуюць над уласным фарматам перамоваў па Украіне, баючыся, што ЗША могуць пакінуць Еўропу па-за межамі ключавых дамоўленасцяў.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

Паводле слоў пяці еўрапейскіх чыноўнікаў, тры краіны аб’ядналі намаганні, каб забяспечыць Еўропе месца за сталом перамоваў.

Як адзначылі два высокапастаўленыя еўрапейскія дыпламаты і адзін высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік, Францыя і Германія адыгрываюць вядучую ролю ў фармаванні агульнай еўрапейскай пазіцыі.

Вялікабрытанія дзейнічае больш асцярожна, у прыватнасці праз асцярогі пагоршыць адносіны з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

У той жа час еўрапейскія дыпламаты адзначаюць, што адносіны з Расіяй і ўрэгуляванне вайны ва Украіне маюць непасрэднае значэнне для бяспекі Еўропы. Таму яны хочуць гарантаваць, каб Вашынгтон і Масква не заключылі ніякай дамоўленасці без ведама еўрапейскіх саюзнікаў.

Пакуль мала прыкмет таго, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін гатовы да сур’ёзных перамоў. Еўрапейскія чыноўнікі чакаюць, што калі пачнецца дыпламатычны працэс, вядучую ролю ў перамовах з Масквой будуць адыгрываць ЗША.

Хто яшчэ можа далучыцца

Францыя, Германія і Вялікабрытанія, вядомыя як фармат «E3», з’яўляюцца ядром «кааліцыі ахвотных», якая падтрымлівае Украіну. Яны таксама распрацоўвалі варыянты вайсковых і бяспековых гарантый для Украіны пасля заключэння магчымай мірнай дамовы.

У той жа час, паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, да кансультацый неабходна прыцягнуць Польшчу, Італію і краіны Паўночнай Еўропы. Еўрапейскі саюз таксама павінен быць праінфармаваны і ў далейшым уцягнуты ў працэс.

Пры гэтым некаторыя дзяржавы, у прыватнасці краіны Балтыі і Венгрыя, не цалкам давяраюць Францыі і Германіі ў прадстаўленні сваіх інтарэсаў.

У Міністэрстве замежных спраў Вялікабрытаніі заявілі, што цяперашняя дыскусія застаецца спекулятыўнай. Прадстаўнік ЕС падкрэсліў, што розныя дыпламатычныя намаганні ўзаемадапаўняльныя, а не канкуруюць паміж сабой.

Апошнія навіны