У Варшаве прайшоў найбуйнейшы ў гісторыі Польшчы ваенны парад
- 15.08.2026, 16:49
Па вуліцах горада прайшлі сотні адзінак тэхнікі, а ў неба падняліся F-35 і F-16.
У Варшаве на Вісластрадзе прайшоў ваенны парад — галоўная падзея штогадовых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Войска Польскага і 106-й гадавіне Варшаўскай бітвы, паведамляе Polskie Radio. Сёлета яны праходзяць пад дэвізам Polska SAFE — «Бяспечная Польшча».
Першымі над польскай сталіцай праляцелі самалёты і верталёты розных тыпаў. Асаблівую ўвагу прыцягнулі сучасныя польскія знішчальнікі F-35 Husarz, а таксама Jastrzębie — польскія F-16.
За парадам назіралі, у прыватнасці, прэзідэнт Кароль Навроцкі, Вярхоўны галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі, а таксама кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны, віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Другі раз варшаўскі парад прайшоў адначасова з марскім парадам. У спецыяльным строі прайшло каля дваццаці караблёў і іншых суднаў Ваенна-марскіх сіл Польшчы і саюзных дзяржаў. Адбыўся таксама пралёт марской авіяцыі. Марскі парад у Гдыні адкрыў прэм’ер-міністр Дональд Туск.
У межах параду вайскоўцы і ваенная тэхніка прайшлі па Вісластрадзе з поўначы на поўдзень. У наземных, паветраных і марскіх паказах узялі ўдзел некалькі тысяч вайскоўцаў усіх відаў Узброеных сіл Польшчы, а таксама саюзных армій.
У парадзе на Вісластрадзе ўзялі ўдзел амаль дзве тысячы вайскоўцаў і каля 300 адзінак тэхнікі, у тым ліку баявыя машыны пяхоты Borsuk, бранятранспарцёры Rosomak, танкі Leopard, K2 і Abrams, самаходныя гаўбіцы Krab, мінамётныя комплексы Rak, беспілотнікі Gladius, сістэмы Poprad, HIMARS і Patriot.