BE RU EN

Анджэй Пачобут стаў пачотным госцем ваеннага параду ў Варшаве

  • 15.08.2026, 18:59

Міністр абароны Польшчы назваў яго прыкладам мужнасці і гераізму.

15 жніўня ў Польшчы адзначаюць Дзень Войска Польскага. У сувязі з гэтым у Варшаве прайшоў вялікі ваенны парад. У ім узяў удзел былы беларускі палітвязень Анджэй Пачобут, паведамляе «Белсат»

Пра прысутнасць на парадзе Анджэя Пачобута паведаміў падчас свайго выступу віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш.

«Я запрасіў на сённяшнюю цырымонію кавалера ордэна Белага Арла, уручанага прэзідэнтам Навроцкім не так даўно. Я прыехаў сёння з Анджэем Пачобутам. Чалавекам, чыё сэрца б'ецца ў рытме Польшчы, чыё сэрца наскрозь бела-чырвонае», — паведаміў ён.

Паводле слоў міністра, Анджэй Пачобут — гэта той чалавек, «які сёння дэманструе нам мужнасць, гераізм, паказвае, што каштоўнасці, у якія вы верыце, большыя, чым вашыя ўласныя пакуты. Што праўда заўсёды перамагае, што дабро ўзнагароджваецца».

Анджэя паважаюць усе палякі, незалежна ад сваіх палітычных поглядаў, падкрэсліў Уладзіслаў Косіняк-Камыш:

«Яго паважаюць тыя, хто з'яўляюцца вельмі радыкальнымі публіцыстамі справа, і тыя, хто знаходзіцца зусім у іншым месцы. Сёння яго паважаюць звычайныя палякі, якія штодня сустракаюцца з ім».

Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі у сваёй прамове таксама ўспомніў беларусаў:

«У польскім войску таксама змагаліся тыя, хто хацеў незалежнасці, хто ведаў, што такое бальшавізм. І яны не хацелі, каб бальшавікі распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе — літоўцы, украінцы, беларусы, «белыя» рускія, напалоханыя бальшавізмам, за гэта ў Рэчы Паспалітай мы цэнім і дзякуем за дапамогу».

Дзень Войска Польскага (Święto Wojska Polskiego) прысвечаны гадавіне Перамогі польскага войска ў Варшаўскай бітве 1920 года. У жніўні 1920 года польскія войскі спынілі наступ Чырвонай Арміі на Варшаву і перайшлі ў контрнаступ. У польскай гістарычнай традыцыі гэтая перамога атрымала назву «Цуд на Вісле». Свята было ўстаноўлена ў 1923 годзе, скасавана камуністычнымі ўладамі ў 1950-м і адноўлена ў 1992 годзе.

Апошнія навіны