ЗША выцеснілі Расію з рынку звадкаванага прыроднага газу Індыі
- 17.08.2026, 9:13
Імпарт ЗПГ павялічылі ўсе найбуйнейшыя эканомікі Азіі.
Індыя ў чэрвені 2026 года павялічыла імпарт звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) на 28% у параўнанні з чэрвнем 2025 года — да 2,659 млн тон. Гэта максімальны месячны аб’ём з кастрычніка 2024 года. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
За студзень — чэрвень Індыя павялічыла імпарт ЗПГ на 7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — да 12,844 млн тон.
Падкрэсліваецца, што ў чэрвені, на піку летняга попыту, імпарт ЗПГ павялічылі ўсе найбуйнейшыя эканомікі Азіі — Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя і Індыя. Гэты газ фактычна быў перанакіраваны з еўрапейскага рынку, дзе імпарт ЗПГ за той жа перыяд знізіўся на 18%.
«З прычыны свайго геаграфічнага становішча Індыя традыцыйна атрымлівае значныя аб’ёмы газу з Блізкага Усходу, аднак пастаўкі адтуль скараціліся з-за баявых дзеянняў, — піша СМІ. — Сітуацыю ўскладняюць таксама пагодныя ўмовы — мацнейшая, чым летась, спёка. У чэрвені пастаўкі часткова аднавіліся: было атрымана шэсць партый ЗПГ з ААЭ і дзве — з Катара, што забяспечыла 20% паставак за месяц».
Найбуйнейшым пастаўшчыком ЗПГ у Індыю ў чэрвені заставаліся ЗША — 562 тыс. тон, або 21% усіх паставак, — а таксама Нігерыя, Аман і Ангола.
Па выніках 2025 года Індыя заняла пятае месца ў свеце па аб’ёме імпарту ЗПГ, саступіўшы толькі Кітаю, Японіі, Паўднёвай Карэі і Францыі.
Як паведамлялася раней, Індыя адхіліла прапанову Расіі аб продажы ЗПГ, які трапляе пад санкцыі ЗША, — нягледзячы на дэфіцыт, выкліканы напружанасцю на Блізкім Усходзе.