Беларус вырашыў дапамагчы расіяніну абмяняць валюту
- 19.08.2026, 11:27
І пашкадаваў пра гэта.
У Мінскім раёне мужчына прынёс у банк купюру наміналам 50 даляраў ЗША, аднак там засумняваліся ў яе сапраўднасці. Высветлілася, што гэта сапраўдная пяцідаляравая банкнота, якую перарабілі так, каб яна выглядала як 50-даляравая, паведамілі у Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
Інцыдэнт адбыўся ў адным з банкаўскіх аддзяленняў Мінскага раёна. Мужчына 1982 года нараджэння прад'явіў купюру для абмену, але супрацоўніца банка заўважыла прыкметы падробкі і паведаміла ў міліцыю. Банкноту вылучылі і накіравалі на экспертызу.
Спецыялісты ўстанавілі, што сама купюра была выраблена афіцыйным «прадпрыемствам, якое ажыццяўляе вытворчасць прадукцыі дадзенага віду», аднак яе рэальны намінал — 5 даляраў. Далей нехта падверг купюру незвычайнаму «апгрэйду».
У прыватнасці, на банкноце падцерлі абазначэнні наміналу, а замест лічбы 5 дамалявалі 50, то бок паспрабавалі павялічыць намінал у дзесяць разоў. А надпісы FIVE (па-англійску «пяць») таксама змянілі на FIFTE або FIVI. Лічэбнік 50 па-англійску гучыць як fifty.
«Мужчына патлумачыў, што некаторы час таму ён быў у гасцях у знаёмага ў Расійскай Федэрацыі. Падчас сустрэчы знаёмы перадаў яму грошы з просьбай абмяняць іх на расійскія рублі ў Беларусі. Выконваючы просьбу знаёмага, мужчына нават не меркаваў, што купюры могуць быць падробленыя», — паведамілі ў камітэце.
Там нагадалі, што за выраб, захоўванне з мэтай збыту або збыт падробленых грошай у Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасць паводле артыкула 221 КК.