Візы ў Латвію цяпер выдаюцца па-новаму
- 19.08.2026, 11:48
Новы парадак дзейнічае з 17 жніўня.
Візавыя цэнтры Латвіі ў Мінску і Віцебску змянілі парадак запісу на падачу дакументаў. Цяпер заяўнікаў будуць спачатку ўносіць у верыфікаваны спіс чакання, а ўжо пасля з'яўлення свабодных слотаў — прапаноўваць выбраць час візіту. Аб гэтым паведамляе візавы цэнтр VFS Global.
Новы парадак дзейнічае з 17 жніўня і тычыцца ўсіх катэгорый заяўнікаў і тыпаў віз без выключэння. Спачатку трэба стварыць і актываваць асабісты кабінет на сайце VFS Global, а таксама ўказаць патрэбны візавы цэнтр, катэгорыю і падкатэгорыю візы. Пасля гэтага спатрэбіцца загрузіць фота старонкі дзеючага пашпарта з персанальнымі данымі і прайсці лічбавую праверку аблічча.
Калі верыфікацыя прайшла паспяхова, заяўніка аўтаматычна дадаюць у спіс чакання, а на электронную пошту прыходзіць пацвярджэнне з індывідуальным рэгістрацыйным нумарам.
Калі ў консульства з'яўляюцца свабодныя слоты, VFS Global рассылае запрашэнні адпаведнай колькасці людзей з чаргі. На выбар даты і часу падачы дакументаў даецца 72 гадзіны — калі не паспець, запіс анулююць, і давядзецца рэгістравацца нанова. Пры гэтым змяніць ужо выбраны час візіту нельга.
Запісы, пацверджаныя раней на перыяд з 17 па 31 жніўня, застаюцца ў сіле. А ўсе, хто знаходзіўся ў папярэднім спісе чакання да поўначы 17 жніўня, былі аўтаматычна з яго выключаныя — гэтым заяўнікам давядзецца праходзіць рэгістрацыю ў новай сістэме з нуля.