Хмара стаў міністрам абароны Украіны
- 19.08.2026, 13:50
За гэта рашэнне прагаласавалі 312 народных дэпутатаў.
Вярхоўная Рада Украіны падтрымала прадстаўленне Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб прызначэнні Яўгена Хмары на пасаду міністра абароны Украіны.
За гэта рашэнне прагаласавалі 312 народных дэпутатаў Украіны, паведамляе unian.net.
Старшыня фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія напісаў у Telegram, што Яўген Хмара — баявы афіцэр, які неаднаразова рызыкаваў жыццём дзеля Украіны.
«Ён добра зарэкамендаваў сябе на вайсковай службе і пры выкананні абавязкаў міністра абароны. Яўген Хмара абазначыў прыярытэты працы: працягваць перахопліваць стратэгічную ініцыятыву, пераносіць вайну на тэрыторыю ворага, берагчы чалавечы капітал, развіваць тэхналогіі і абаронна-прамысловы комплекс. Яўген Хмара выступае за захаванне пазітыўных напрацовак і людзей, якія добра зарэкамендавалі сябе ў Міністэрстве абароны», — падкрэсліў ён.
Хмара паведаміў, што ён ужо грамадзянскі чалавек. Згодна з заканадаўствам Украіны, міністрам абароны павінен быць грамадзянскі чалавек.
«Я стаю перад вамі як грамадзянская асоба. Звольнены, згодна з законам (ідзецца пра вызваленне ад ваеннай службы — заўв.) аб воінскім абавязку і ваеннай службе, артыкул 26, звольнены з ваеннай службы ў сувязі з правядзеннем арганізацыйных мерапрыемстваў для асоб вышэйшага афіцэрскага складу», — сказаў ён
Яўген Хмара, выступаючы ў парламенце, адзначыў, што прымусіць ворага да міру можна толькі сілай нашай арміі, нашымі тэхналагічнымі і сіметрычнымі рашэннямі.
Ён падкрэсліў, што сёння Украіна наносіць удары нават па Сібіры ў РФ. Паводле яго слоў, расійскі абаронна-прамысловы комплекс, ваенная лагістыка, паліўная інфраструктура, уся эканамічная база ворага — гэта нашы мэты, і дзейнічаць трэба хутка.
«Маем тры ключавыя роўнацэнныя прыярытэты — гэта фронт і ўзмацненне войска, людзі і развіццё абароннай прамысловасці», — сказаў Хмара.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што на фронце неабходны перахоп ініцыятывы ва ўсіх напрамках — на зямлі, на моры, у паветры, у інфармацыйнай прасторы. Паводле яго слоў, войску патрэбна зброя — «шмат і своечасова, і менавіта тая, што дае вынік». Ён падкрэсліў, што па празрыстай працэдуры і без бюракратыі закупкі будуць працаваць выключна на фронт і абарону Украіны, а «не будуць на нейкія асобныя інтарэсы».