Як распазнаць ботаў і троляў у сацыяльных сетках
- 19.08.2026, 17:34
Тры важныя сігналы.
Сотні тысяч фальшывых акаўнтаў, дзясяткі тысяч падробленых публікацый і мільёны аўтаматычных паведамленняў — сацыяльныя сеткі даўно сталі пляцоўкай не толькі для зносін, але і для маніпуляцый. Карыстальнікам усё складаней зразумець, хто знаходзіцца па другі бок экрана — рэальны чалавек, бот ці інтэрнэт-троль, піша DW (пераклад — сайт Charter97.org).
Адзін з вядомых прыкладаў — расійская кампанія «Doppelgänger», выяўленая пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Яе мэтай было масавае распаўсюджанне выгадных Крамлю наратываў у сацыяльных сетках еўрапейскіх краін.
Першы сігнал — профіль. Варта звярнуць увагу на імя, фатаграфію, апісанне і нікнэйм. Падазрэнні могуць выклікаць нядаўна створаны акаўнт, выпадковы набор лічбаў у імені, шаблонная біяграфія або фатаграфія, падобная да стокавай ці створанай ШІ.
Карысна праверыць выяву праз зваротны пошук і параўнаць даныя профілю з афіцыйнымі старонкамі чалавека або арганізацыі. Пазнака верыфікацыі сама па сабе ўжо не гарантуе сапраўднасць акаўнта.
Другі сігнал — паводзіны. Боты здольныя публікаваць паведамленні з такой частатой, якую звычайнаму чалавеку практычна немагчыма падтрымліваць. Яны могуць масава ставіць рэакцыі, падпісвацца на карыстальнікаў і паўтараць адны і тыя ж каментары.
Тролі дзейнічаюць інакш. За акаўнтам звычайна стаіць чалавек, аднак ягоная задача — не абмяркоўваць тэму, а правакаваць канфлікт, раздражняць суразмоўцаў і расколваць аўдыторыю.
Трэці сігнал — асяроддзе. Калі дзясяткі акаўнтаў адначасова публікуюць аднолькавыя фразы, спасылкі або хэштэгі, гэта можа сведчыць пра скаардынаваную сетку.
Эксперты раяць не спяшацца з высновамі. Некалькі хвілін на праверку профілю, ягонай актыўнасці і асяроддзя дапамагаюць зразумець, ці маеце вы справу з рэальным карыстальнікам або з часткай арганізаванай інфармацыйнай кампаніі.