Беларускі дзюдаіст паспяхова выступае за зборную Харватыі
- 19.08.2026, 18:16
Чатыры гады таму Мікіта Свірыд пакінуў Беларусь.
Беларускі дзюдаіст Мікіта Свірыд пасля ад’езду з Беларусі знайшоў новы дом у харвацкім Спліце і цяпер выступае за нацыянальную зборную Харватыі, піша харвацкае выданне Sportske novosti.
30‑гадовы спартовец выступае ў цяжкай вагавой катэгорыі звыш 100 кг. Да пераезду ён быў шматразовым чэмпіёнам Беларусі. У 2016 годзе Свірыд заваяваў бронзу на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў іспанскай Малазе, а таксама срэбра на чэмпіянаце Еўропы сярод спартсменаў да 23 гадоў у Тэль-Авіўе. У 2017 годзе ён узяў яшчэ адно срэбра ў Падгорыцы, а ў 2019‑м — бронзу на турніры Гран-пры ў Ташкенце.
На Алімпійскіх гульнях у Токіо ў 2021 годзе ён прадстаўляў Беларусь, але атрымаў там траўму, зламаўшы руку. Ягоны бацька Леанід Свірыд раней быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі па дзюдо.
Пасля пачатку паўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе сям’я Свірыдаў — бацька, маці і Мікіта — пераехала ў Харватыю і пасялілася ў Спліце. Адной з прычын ад’езду стала нязгода з падтрымкай расійскай агрэсіі беларускімі ўладамі, але на рашэнне таксама маглі паўплываць канфлікты вакол становішча бацькі і сына ў беларускім дзюдо.
У красавіку 2022 года Савет Харвацкага алімпійскага камітэта падтрымаў наданне Мікіту Свірыду грамадзянства Харватыі, аднак выступаць за новую краіну яму адразу не дазволілі.
Беларуская федэрацыя дзюдо не хацела выдаваць яму неабходныя дакументы для пераходу без выплаты кампенсацыі. Паводле слоў самога Свірыда, сума гэтай кампенсацыі была параўнальная з кампенсацыямі за пераходы вядомых футбалістаў — ён нават параўнаў яе з сумай, якую маглі б запатрабаваць за аднаго з лідараў харвацкай зборнай Івана Перышыча.
Таму спартовец застаўся ў Спліце, працягваў трэніравацца і чакаў магчымасці выступаць за Харватыю. У выніку толькі з восені 2024 года ён атрымаў права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад харвацкім сцягам. Амаль два з паловай гады ён не выступаў на афіцыйных турнірах Міжнароднай федэрацыі дзюдо.
Свірыд прадстаўляе спліцкі клуб Student, дзе цяпер таксама працуе ягоны бацька. За Харватыю ён пачаў выступаць у 2025 годзе і ўжо паспеў заваяваць некалькі медалёў.
Сярод іх — срэбра на турніры European Open у Парыжы, срэбра ў Любляне, бронза на турніры «Вялікага шлема» (Grand Slam) у Ташкенце і нядаўняе срэбра на аналагічным турніры ў перуанскай Ліме. Таксама Мікіта Свірыд стаў чэмпіёнам Харватыі ў сваёй вагавой катэгорыі. Пры вазе каля 135 кг ён вылучаецца добрай фізічнай падрыхтоўкай і вынослівасцю.
На гэты момант у сусветным рэйтынгу ў катэгорыі звыш 100 кг Свірыд займае 27‑е месца. Харвацкія журналісты лічаць, што пры далейшым прагрэсе ён можа прэтэндаваць на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе ў 2028 годзе.