Пуцін загаварыў пра падрыхтоўку да вяртання акупантаў з вайны супраць Украіны
- 19.08.2026, 18:18
Дыктатар РФ заявіў, што яны вернуцца «са здаровымі амбіцыямі».
Уладзімір Пуцін падчас пасяджэння савета па стратэгічным развіцці і нацпраектах 19 жніўня загаварыў пра вяртанне расіян з так званай «СВО», якой у РФ называюць вайну супраць Украіны. Відэа апублікавалі расійскія прапагандысты «РИА Новости».
«Адна з праблем, якая ўзнікне, — гэта пытанне вяртання нашых хлопцаў з лініі баявога судакранання пасля заканчэння спецыяльнай ваеннай аперацыі. Людзей шмат, іх трэба працаўладкоўваць, яны са здаровымі амбіцыямі прыйдуць — гэта сур'ёзная праца, да якой трэба загадзя рыхтавацца», — сказаў Пуцін.
Паводле звестак прапагандыстаў ТАСС, ён казаў пра вяртанне акупантаў у кантэксце неабходнасці «вырашэння праблем СВО». Апошняе ён назваў ключавой задачай і заклікаў рыхтавацца.
Таксама падчас пасяджэння Пуцін прызнаў шкоду ад атак Украіны па аб'ектах, якія фінансуюць ваенную машыну Крамля.