BE RU EN

Вера расіян у будучыню краіны абвалілася да ўзроўняў пачатку 1990-х

  • 19.08.2026, 18:34

Апытанне.

Затягнутая вайна, пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы, штодзённыя налёты дронаў, што спальваюць нафтаперапрацоўчыя заводы і склады ад Масквы да Урала, — пахіснулі веру расіян у шчаслівую будучыню краіны, перадае The Moscow Times.

У ліпені 2026 года 66% грамадзян лічылі, што наперадзе Расію чакаюць «цяжкія часы», паказала апытанне дзяржаўнага ВЦІОМа. З пачатку года колькасць тых, хто чакае складанасцей для краіны ў будучыні, павялічылася больш як на траціну (+16 працэнтных пунктаў).

У выніку ўзровень песімізму і страху перад будучыняй у грамадстве дасягнуў аднаго з самых высокіх за ўсю найноўшую гісторыю краіны. Паводле даных ВЦІОМа, прыкладна столькі ж (66-67%) чакалі «цяжкіх часоў» у 1991 годзе, за некалькі месяцаў да распаду СССР, і ў 1992-м, калі Саюз абваліўся, а людзі сутыкнуліся з масавым збядненнем і гіперінфляцыяй у 2500%.

Нават у сярэдзіне 1990-х, нягледзячы на эканамічны крызіс, людзі менш баяліся будучыні, чым цяпер: тады ў розныя гады пра «надыход цяжкіх часоў» казалі 46-60%. Толькі аднойчы доля песімістаў сярод расіян была вышэйшая — 72% у красавіку 2020 года, калі пачалася пандэмія COVID, па эканоміцы ўдарылі першыя лакдаўны, а вакцына ад віруса яшчэ не была распрацавана.

Далёкасяжныя ўдары Украіны, якія справакавалі ў Расіі паліўны крызіс і спалілі больш за 20 складаў Wildberries, відавочна ўплываюць на псіхіку расіян, асабліва ў буйных гарадах, адзначае Джон Лоў, старшы навуковы супрацоўнік NEST Centre.

Усё больш людзей задаецца пытаннем, навошта патрэбная гэтая вайна, падкрэслівае Лоў: «Па меры таго, як колькасць атак павялічвалася на працягу апошніх дзевяці-дванаццаці месяцаў, многія ўсвядомілі, што гэта доўгая вайна, і выхаду з яе ў бліжэйшы час няма».

Парадокс сітуацыі ў тым, што Уладзімір Пуцін прыйшоў да ўлады чвэрць стагоддзя таму на абяцаннях бяспекі, спакойнага жыцця і забойстваў, але менавіта гэтую бяспеку Пуцін цалкам і зруйнаваў, адзначае палітолаг Аббас Галлямов.

«У сённяшняй Расіі ўжо ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы — ні генерал, які пайшоў у рэстаран адзначыць свой юбілей; ні курортнік, які нарэшце выбраўся на пляж у Геленджыку; ні жыхар Падмаскоўя, які мірна спіць у сваёй пасцелі ў момант начной атакі беспілотнікаў; ні работнік складу Wildberries», — тлумачыць Галлямов.

Апошнія навіны