Крама ў Маладзечне шукае прадаўца: 12 гадзін у суткі за 50 рублёў
- 19.08.2026, 18:37
І гэта не адзінкавы выпадак.
Жыхарка Маладзечна wallow_anny расказала ў Threads пра свой досвед пошуку працы і апублікавала скрыншоты перапіскі з адным з патэнцыйных працадаўцаў.
«Проста крык душы. Шукаю падпрацоўку ў Маладзечне, убачыла аб’яву, патрабуецца памочніца флорыста ў кветкавую краму. Ок, я люблю кветкі, напісала», — патлумачыла яна.
Судзячы па скрыншотах, аўтарцы паста прапанавалі 12-гадзінны працоўны дзень у якасці прадаўца ў краме з сутачнай аплатай у памеры 50 рублёў.
Іншыя карыстальнікі сацсеткі напісалі, што гэта звычайны заробак для Маладзечна. Сайт Charter97.org прыводзіць некаторыя каментары:
— У Маладзечне такой працы поўна, я сама, калі пачала шукаць, аж ахнула. Хочуць, каб пахала як конь за капейкі.
— Праца памочніцы флорыста наогул у іншым палягае — гэта па-першае. Аплата павінна быць 8–10 рублёў у гадзіну — гэта па-другое.
— Пра мінімальны пагадзінны памер заробку яны не чулі.
— Мінімалка цяпер у Беларусі 5,09 рубля за гадзіну, адпаведна пры 12-гадзінным працоўным дні вам павінны плаціць 61,08. Калі вы працуеце пасля 22.00, то аплата 5,09 плюс 20%.
— Не перастаю дзівіцца, наколькі па-хамску ставяцца працадаўцы да супрацоўнікаў. «Проста сядзець і адпачываць» 12 гадзін яна можа і сама!