Зяленскі прысвоіў званне Героя Украіны камандзіру, які асабіста кінуўся ратаваць параненых байцоў
- 20.08.2026, 7:55
Ён прыехаў па іх на пікапе, кожную секунду рызыкуючы ўласным жыццём.
Нядаўна ў сетцы з’явілася відэа, на якім камандзір роты ўратаваў параненых байцоў з падбітага НРК — ён прыехаў па іх на пікапе, кожную секунду рызыкуючы ўласным жыццём. За мужнасць, праяўленую ў гэты момант малодшым лейтэнантам Уладзіславам Польскім, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прысвоіў яму званне Героя Украіны з уручэннем ордэна «Залатая зорка».
Пра гэта кіраўнік Украіны паведаміў у вячэрнім відэазвароце у сераду, 19 жніўня. «Я падпісаў указ аб прысваенні звання Героя Украіны малодшаму лейтэнанту Уладзіславу Польскаму за хуткую і мужную рэакцыю ў баявой абстаноўцы і выратаванне жыццяў нашых воінаў», — адзначыў ён.
Прэзідэнт расказаў, што 15 жніўня Уладзіслаў Польскі (пазыўны «Тічар») на пікапе ўратаваў двух вайскоўцаў з зоны паражэння расійскіх дронаў.
«Нашы воіны выконвалі баявую задачу і былі паранены. Праводзілася эвакуацыя з дапамогай НРК. Расіяне нанеслі ўдар па гэтым НРК. І каб не згубіць чалавечыя жыцці і не марнаваць час, Уладзіслаў вырашыў дзейнічаць і на пікапе забраў хлопцаў. Выдатная гісторыя. Вялікая смеласць. І прыклад учынку камандзіра, варты пераймання. Трэба дбаць пра людзей. Дзякуй, Уладзіслаў!» — сказаў Зяленскі.
Падрабязнасці выратавання параненых воінаў
Як паведамілі ў Групоўцы аб’яднаных сіл, двое штурмавікоў 475-га асобнага штурмавога палка «Code 9.2» паспяхова выканалі заданне і захапілі варожыя пазіцыі. Але на зваротным шляху хлопцаў атакавалі варожыя дроны «Молния», у выніку чаго абодва атрымалі цяжкія раненні і не маглі перамяшчацца самастойна.
«Для іх эвакуацыі накіравалі наземную рабатызаваную платформу. Аднак варожы дрон падбіў і яе... Параненыя байцы апынуліся цалкам безабароннымі на адкрытай мясцовасці, як на далоні ў варожай аэравыведкі. Наступны ўдар мог стаць для іх апошнім», — гаворыцца ў паведамленні.
І пакуль на камандна-назіральным пункце ліхаманкава шукалі рашэнне, камандзір штурмавой роты Уладзіслаў Польскі сеў за руль пікапа і памчаўся на дапамогу людзям. Ён быў у шортах і нават не надзеў бранежылет.
Рызыкуючы жыццём кожную секунду, Уладзіслаў падбег да падбітага НРК, сам перагрузіў цяжкапараненых байцоў у кузав пікапа і на вялікай хуткасці вывез іх пад прыкрыццё. Такім чынам камандзір уратаваў ім жыццё.
Усяго з моманту паражэння НРК да эвакуацыі і прыбыцця ў стабілізацыйны пункт мінула каля 30–40 хвілін.
У эфіры Армія FM Польскі растлумачыў, што вырашыў ехаць па параненых сам, бо не хацеў падвяргаць небяспецы іншых вайскоўцаў.
«Лепш пастаўлю сябе на іх месца і буду ўпэўнены, што змагу гэта зрабіць», — сказаў ён. Само рашэнне аб эвакуацыі Польскі ўзгадніў са сваім камандзірам батальёна.
На пытанне пра бранежылет, чаму ён яго не надзеў, вайсковец адказаў лаканічна.
«Мне было прасцей выскачыць без нічога, «налягку», і забраць хлопцаў, чым калі б я быў у амуніцыі: дадатковая вага, лішнія рэчы, якія перашкаджалі б», — заявіў Польскі.
У каментары для LB.ua ён сказаў, што асабіста не ведаў параненых, бо яны былі з іншых рот.
«Але ў нас такая спецыфіка працы, што я магу забіраць хлопцаў з іншых рот, а маіх будуць забіраць іншыя камандзіры. Не важна, чые яны: чужых няма», — патлумачыў вайсковец.
«Яны ў цяжкім стане, у рэанімацыі, але стабільныя; верагодна, будуць ампутацыі. Хутка іх змогуць перавесці на далейшае лячэнне са шпіталяў (адзін ужо ў Кіеве). Думаю, мы яшчэ пазнаёмімся з імі бліжэй, калі іх стан стабілізуецца», — дадаў Польскі.