BE RU EN

Нападнік зборнай Беларусі будзе гуляць за чэшскі клуб

  • 20.08.2026, 10:51

Герман Баркоўскі будзе выступаць за «Градэц-Кралавэ».

Форвард нацыянальнай зборнай Беларусі Герман Баркоўскі змяніў польскі чэмпіянат на чэшскі. Цяпер ён будзе выступаць за «Градэц-Кралавэ», які мае добрыя шанцы выйсці ў асноўную сетку еўракубка, піша «Трыбуна».

Напярэдадні Баркоўскі афіцыйна стаў гульцом «Градца-Кралавэ». Пераход адбыўся нават некалькі нечакана, ніякіх чутак і інсайдаў не з'яўлялася.

— Я вельмі рады, што стаў гульцом «Градца-Кралавэ» і часткай гэтага клуба. З нецярпеннем чакаю пачатку працы ў новай абстаноўцы, сваіх таварышаў па камандзе і балельшчыкаў. Зраблю ўсё магчымае, каб дапамагчы камандзе дасягнуць найлепшых вынікаў на полі, — сказаў Баркоўскі пасля падпісання.

Пра падпісанне выказаўся і спартыўны дырэктар чэшскага клуба Пётр Поежны.

— Герман — менавіта той гулец, якога мы шукалі ў нашай камандзе. Ён высокі, упэўнены ў сабе і ў той жа час добра падрыхтаваны нападнік, які мае вопыт выступленняў за зборную Беларусі. У ім мы ўбачылі вялікі патэнцыял і разам з тым перакананыя, што ён можа нам дапамагчы. Я веру, што «Градэц» яму падыдзе, ён хутка адаптуецца, і разам мы крыху палепшым яго гульню.

Апошні год Баркоўскі на правах арэнды з «Пушчы» выступаў за «Пяст». У выніку за 31 матч аформіў 4 + 1 па сістэме «гол + пас». Праўда, апошні раз за клуб ён забіваў аж 27 лютага.

Таксама Герман — футбаліст зборнай. У форме «нацыяналкі» ён выходзіў на поле 15 разоў і мае ў сваім актыве два галы. Апошні з іх — у матчы з Арменіяй (2:1), які адбыўся 29 сакавіка.

Сёння «Градэц» правядзе свой першы матч у заключным раўндзе кваліфікацыі Лігі канферэнцый. У суперніках — грэчаскі «Панатінаікос». Баркоўскі ўключаны ў заяўку на турнір.

Апошнія навіны