Жыхароў Гомеля разбудзіў гук выбуху
- 20.08.2026, 11:08
Фіксаваліся гук пралёту дрона і выбух, або пралёт знішчальніка.
Гамяльчане ў сацсетках абмяркоўваюць, што адбылося ранняй раніцай 20 жніўня ў Цэнтральным раёне горада, заўважыў «Флагшток». Паводле паведамленняў карыстальнікаў, каля 05:25 іх разбудзілі нетыповыя вельмі гучныя гукі ў небе. Зыходзячы з апісанняў відавочцаў, можна меркаваць, што фіксаваліся гук пралёту дрона і выбух, або пралёт знішчальніка.
«Разбудзіў страшны трэск і грукат», «быў гук, нейкі дзікі трэск», «раздаўся грукат над домам», — так гамяльчане апісваюць тое, што адбылося.
Паводле іх слоў, такія гукі чулі жыхары дамоў на вуліцы Кожара ў Старым Аэрадроме, а таксама ў суседняй Валатаве (17-ы, 18-ы мікрараёны), у Старой Валатаве. Некаторыя карыстальнікі сцвярджаюць, што распазналі гук пралёту знішчальніка.
Прымечна, што гэтай ноччу над горадам не фіксаваўся ўжо звыклы для Гомельшчыны гук «як у матаролера» — характэрны шум «Герань-136», найбольш распаўсюджанага ўдарнага БПЛА расійскай вытворчасці.
Якраз у гэты час працягвалася масіраваная паветраная атака Расіі па тэрыторыі Украіны. «Флагшток» прааналізаваў паведамленні ўкраінскіх маніторынгавых каналаў і Паветраных сіл ЗСУ. Пра выпадкі залётаў БПЛА на тэрыторыю Беларусі не паведамлялася, але вядома, што расійскія рэактыўныя дроны рухаліся ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы (ад Добрушскага да Брагінскага раёнаў).
Чарговая група расійскіх рэактыўных дронаў перамяшчалася ўздоўж мяжы прыблізна з 4 да 5 раніцы. Таксама ў гэты час на Кіеў і Барыспаль ляцелі ракеты з поўначы і ўсходу.
Украіна таксама запускала БПЛА па тэрыторыі Расіі, але гэта адбывалася значна раней — каля 23:00 19 жніўня.
Магчыма, гэтай раніцай гамяльчане сталі сведкамі спробы збіць рэактыўны БПЛА над горадам — удалай або няўдалай.
Зазначым, 18 жніўня каля Беларускага металургічнага завода у Жлобіне ўпаў невядомы дрон.