Крэмль атрымлівае па зубах
- Юрый Федарэнка
- 20.08.2026, 12:44
Азербайджан пачаў выстаўляць Расіі рахунак за гады беспакаранасці.
Што хаваецца за спробай Азербайджана прыцягнуць да адказнасці некалькіх крамлёўскіх дуракоў? Афіцыйны Баку абвясціў у міжнародны вышук саветніка кіраўніка Мінтранса РФ Аляксея Чадаева, вядучага тэлеканала «Масква 24» Івана Князева і крамлёўскага палітолага Сямёна Уралава. Прычына наступная: гэтыя асобы ў эфіры адной з прапагандысцкіх перадач балбаталі без упынку і дагаварыліся да таго, што расіі трэба правесці «дэсантную аперацыю» на тэрыторыі Азербайджана і паказаць усяму Паўднёваму Каўказу «кузькіну маці». Тыповая безадказная шавіністычная лухта пракрамлёўскіх спікераў «дзясятага эшалона», на якую раней амаль не звярталі ўвагі па-за межамі балотаў. Цяпер звярнулі. Чаму?
Палітычны канфлікт паміж Баку і Масквой разгортваецца ўжо даўно. У снежні 2024 года расійская СПА збіла азербайджанскі самалёт, пасля чаго Баку запатрабаваў правядзення сумленнага расследавання і прабачэнняў ад крэмля. Але замест поўнавартаснага расследавання пачалася серыя «недружалюбных крокаў» з боку Масквы. У прыватнасці, жорсткія затрыманні прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары ў Екацярынбургу. Асобная старонка азербайджанска-расійскіх адносінаў — паветраны тэрор Расіі супраць Украіны, у выніку якога былі сур’ёзна пашкоджаныя аб’екты азербайджанскай энергетычнай кампаніі SOCAR і будынкі пасольстваў.
Цікавай была рэакцыя афіцыйнага крэмля на абвяшчэнне «балотных» прапагандыстаў у вышук. Калі раней у падобных выпадках Міністэрства замежных спраў РФ рэзка выказвалася, то гэтым разам абмежавалася фармальнымі заклікамі да «канструктыўнага дыялогу». Мы бачым, што Масква паводзіць сябе стрымана, і разумеем, чаму так адбываецца: Расія знясіленая вайной супраць Украіны і не можа сабе дазволіць гарачы канфлікт на Паўднёвым Каўказе. Прасцей кажучы, агрэсар губляе сілы.
Працэс «аслаблення» крэмля працягваецца на працягу ўсёй паўнамаштабнай вайны і, як вынік, дае магчымасць постсавецкім краінам выйсці з арбіты крэмля або, па меншай меры, павялічыць дыстанцыю. Што мы, уласна, і назіраем на прыкладзе Казахстана, Арменіі і, вядома ж, Азербайджана.
Нядаўна прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў даў ацэнку каланіяльнаму мінуламу. Ён канстатаваў, што знаходжанне рэспублікі ў складзе расійскай імперыі і СССР было перыядам бязправога каланіяльнага становішча. Прэзідэнт Азербайджана таксама нагадаў, што ў савецкія гады з Азербайджана «вывозіліся мільярды тон нафты». Уласна, у Баку сказалі тое, што думаюць у сталіцах усіх краін, якія калісьці ўваходзілі ў склад імперыі. Але даваць ацэнку гістарычным працэсам — гэта адно, а прад’яўляць юрыдычны рахунак — ужо зусім іншы ўзровень узаемаадносін.
Абвяшчэнне расійскіх прапагандыстаў у міжнародны вышук — гэта адна з першых спроб выстаўіць рахунак за безадказныя словы. Але акрамя слоў былі яшчэ і справы — злачынствы супраць прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары, супраць пасажыраў таго самага самалёта, супраць дзяржаўнай цэласнасці. Спіс доўгі. Не менш доўгі спіс прэтэнзій як да Расіі, так і да канкрэтных расійскіх злачынцаў ёсць у кожнай былой савецкай рэспублікі. Такім чынам, працяг будзе. Сілы абароны Украіны штодня ператвараюць гэту «недаімперыю» ў волата на гліняных нагах. Рана ці позна гэты волат рассыплецца. Калі гэта адбудзецца (а гэта абавязкова адбудзецца), рахункі крэмлю будуць выстаўляць ужо не толькі былыя савецкія рэспублікі, але і цяперашнія суб’екты так званай расійскай федэрацыі. Ад «недаімперыі» не застанецца каменя на камені. Працуем у гэтым напрамку. Наперадзе шмат цікавага. А галоўнае — наперадзе Перамога. Слава Украіне!
Юрый Федарэнка, «Фэйсбук»