На мяжы Беларусі з Польшчай на выезд чакаюць больш за 2000 аўтамабіляў
- 20.08.2026, 16:06
У Брэсце чаканне расцягнулася амаль на трое сутак.
На выезд з Беларусі ў Польшчу цяпер чакаюць больш за 2000 легкавікоў. Найцяжэйшая сітуацыя — у «Брэсте»: там чаканне ледзь не дасягае трох сутак, піша «Белсат».
Зараз, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, у спісе чакання ў «Брэсте» — 1265 аўтамабіляў і 42 аўтобусы.
У Telegram-чатах падарожнікі асабліва не скардзяцца на павольную працу чыноўнікаў на мяжы, толькі даюць парады наконт хуткасці афармлення на канкрэтных палосах пад накрыццём.
Цяпер у пункт пропуску клічуць тых, хто зарэгістраваўся ў чарзе ўвечары 17 жніўня, такім чынам час чакання дасягае амаль трох сутак.
З-за замінкі на мяжы спазняюцца аўтобусы. Напрыклад, рэйс Ecolines «Мінск – Варшава», які павінен быў прыбыць сёння ў 1:45, прыехаў у 6:00. Пры гэтым пасажыры сведчаць пра магчымасць перасадкі ў найбліжэйшыя да шлагбаўма аўтобусы, што істотна скарачае час чакання ў чарзе.
«19 жніўня а 23:11 прыехалі ў Брэст цягніком з Мінска, даехалі на таксі да пункта пропуску. А 23:36 — пасадка ў другі аўтобус (€50), нават шукаць не давялося, кіроўца сам падышоў і запрасіў», — расказала падарожніца, удакладніўшы, што такім чынам прайшла мяжу ў агульнай складанасці за 8 гадзін.
У «Тэрэспалі» ў бок Беларусі з самай раніцы чэргі не было, цяпер там два дзясяткі аўтамабіляў.
У «Брузгах» цяпер 515 легкавікоў, на кантроль клічуць тых, хто зарэгістраваўся раніцай 19 жніўня. Выходзіць, што тут чакаюць крыху больш за суткі. Па той бок мяжы нікога няма, вадзіцелі сведчаць, што праходзяць мяжу за гадзіну.
У «Бераставіцы» налічылі 350 аўтамабіляў, час чакання тут — да паўтары сутак: у пункт пропуску клічуць тых, хто зарэгістраваўся ў чарзе апоўначы 19 жніўня. Аўтобуснай чаргі няма, пасажыры паведамляюць, што ў цэлым афармленне там займае каля 7–9 гадзін. Па той бок мяжы ў «Боброўніках» — пуста.
У «Каменым Логу» на мяжы з Літвой цяпер 230 аўтамабіляў, і ў параўнанні з польскай мяжой чакаць даводзіцца нядоўга — каля 10 гадзін.
160 аўтамабіляў — у «Беняконях». Гэты пункт пропуску — найбольш свабодны на межах з краінамі ЕС і найхутчэйшы: проста цяпер на кантроль клічуць тых, хто зарэгістраваўся ў чарзе а 6:00.
І ў «Каменым Логу», і ў Беняконях аўтобусы праходзяць без затрымак. Як сведчаць падарожнікі, мяжу праходзяць за 2–3 гадзіны, максімум — за пяць.
У Літве ў бок Беларусі чаргаў няма.
Таксама — на адзіным пункце пропуску на мяжы з Латвіяй у «Грыгораўшчыне».
Амаль трое сутак чакання. На выезд з Беларусі ў Польшчу захоўваюцца гіганцкія чэргі
На выезд з Беларусі ў Польшчу цяпер чакаюць больш за 2000 легкавікоў. Найцяжэйшая сітуацыя — у «Брэсте»: там чаканне ледзь не дасягае трох сутак.