Алесь Бяляцкі ўганараваны медалём «За заслугі перад дэмакратыяй»
- 20.08.2026, 17:11
Нобелеўскага лаўрэата адзначылі за мужнасць і абарону дэмакратыі ў Беларусі.
Амерыканскі Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED) восенню гэтага года ўручыць беларускаму праваабаронцу, былому палітвязню і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму медаль «За заслугі перад дэмакратыяй» (Democracy Service Medal), піша «Белсат».
Узнагарода кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна» прысуджана за шматгадовую працу ў сферы абароны свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі.
NED адзначае, што Алесь Бяляцкі перажыў зняволенне і шматгадовы пераслед за сваю барацьбу супраць рэжыму Лукашэнкі, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і падтрымку людзей, чые базавыя правы былі парушаныя.
«Мы ганарымся магчымасцю адзначыць яго выключную мужнасць і непахісную адданасць дэмакратычнай будучыні Беларусі», – падкрэсліваецца ў заяве фонду.
Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі быў заснаваны ў ЗША ў 1983 годзе з мэтай падтрымкі развіцця дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды СМІ, грамадзянскай супольнасці і незалежных прафсаюзаў па ўсім свеце.
Узнагарода Democracy Service Medal (медаль «За заслугі перад дэмакратыяй») уручаецца людзям, якія прадэманстравалі «асабістую адданасць справе прасоўвання свабоды і правоў чалавека, а таксама пабудовы дэмакратычных інстытутаў»