Фіцо здзівіў Крэмль і Еўразвяз
- 20.08.2026, 17:13
Славацкі прэм'ер адмовіўся ад ролі «новага Орбана».
Выданне Politico распавядае, як пасля паразы Віктара Орбана на выбарах у Венгрыі ў Бруселі ўсур'ёз асцерагаліся, што прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо возьме на сябе ролю новага галоўнага дэструктыўнага фактара ўнутры Еўразвязу. Аднак праз чатыры месяцы сітуацыя склалася інакш: славацкі прэм'ер у значнай ступені падпарадкаваўся агульнай лініі ЕС — падтрымаў антырасійскія санкцыі і не стаў блакаваць прагрэс перамоваў Украіны аб уступленні ў Еўразвяз.
На тое, што Фіцо будзе дзейнічаць супраць Украіны ўнутры ЕС прыблізна так жа, як гэта рабіў Орбан, разлічваў і Крэмль. Аднак паводзіны славацкага прэм'ера ў выніку сталі нечаканасцю для ўсіх бакоў.
Як адзначае выданне, доўгі час Фіцо фактычна выкарыстоўваў Орбана як палітычнае прыкрыццё: пакуль венгерскі прэм'ер блакаваў рашэнні па Украіне і Расіі, славацкі лідар мог дазволіць сабе гучна крытыкаваць Брусель і санкцыі, пры гэтым не становячыся галоўным адказным за сабатаж унутры аб'яднання.
«Фіцо хаваўся за спінай Орбана, а цяпер ён больш не можа гэтага рабіць. Ён крытыкуе санкцыі [ЕС] у Славакіі… але пры гэтым падтрымлівае ўсе гэтыя меры», — распавёў Politico лідар цэнтрысцкай апазіцыйнай партыі «Прагрэсіўная Славакія» Міхал Шымечка.
На яго думку, так званая «суверэнісцкая» знешняя палітыка Фіцо ў выніку амаль не прынесла рэальных вынікаў. Замест адчувальных выгод Славакія атрымала толькі рэпутацыйныя страты і рызыку апынуцца ў ізаляцыі ўнутры Еўразвязу.
Аглядачы называюць гэта важным дыпламатычным сігналам для Украіны. Пасля таго як Орбан перастаў быць галоўным блакіроўшчыкам антырасійскіх рашэнняў у ЕС, у прарасійскіх палітыкаў у аб'яднанні прыкметна скарацілася прастора для манеўру. Фіцо, як адзначае выданне, па-ранейшаму можа выкарыстоўваць жорсткую рыторыку для ўнутранай аўдыторыі, аднак на ўзроўні рэальных рашэнняў ён ужо не гатовы браць на сябе ролю галоўнага абаронцы інтарэсаў Масквы ў Еўразвязе.