BE RU EN

Дзевяць беларусаў памерлі пасля аперацый на сэрцы

  • 20.08.2026, 21:41

Усім ім уводзілі адзін і той самы прэпарат.

Пры дапамозе BELPOL у распараджэнні «Zerkalo» апынуліся дакументы, з якіх вынікае, што з студзеня па май бягучага года ў Беларусі памерлі як мінімум дзевяць пацыентаў. Усім ім падчас аперацыі на сэрцы ўводзілі індыйскі прэпарат, партыю якога пазней Міністэрства аховы здароўя загадала вывесці з абарачэння. Прышчына шакавальная — у ін'екцыях выявілі бактэрыі. Расказваем.

Узрост памерлых — ад 50 да 67 гадоў

З пачатку студзеня да пачатку сакавіка ў Брэсцкай абласной бальніцы падчас аперацый на сэрцы 13 пацыентам уводзілі адэназін. Гэты прэпарат на некалькі секунд рэзка запавольвае або часова спыняе працу сэрца, а таксама зніжае ціск. Дзякуючы гэтаму хірург можа спакойна выканаць складаны этап аперацыі з мінімальным крывацёкам. Бальніца карысталася адэназінам пад гандлёвай маркай «Кардыурэкс» (Cardiurex).

Паводле дакументаў, што ёсць у распараджэнні «Zerkalo», з 13 пацыентаў, якія атрымалі прэпарат, памерлі васьмёра. Гэта сем мужчын і адна жанчына ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў. Некаторым з іх рабілі пратэзаванне аорты, іншым — замянялі яе клапаны або праводзілі аортакаронарнае шунтаванне.

Ужо пасля аперацый у аналізах сямі пацыентаў выявілі бактэрыі. Што да васьмой пацыенткі, інфармацыі пра вынікі даследаванняў няма. Але вядома, што ў яе таксама бралі аналізы.

Пры гэтым у пяцярых з памерлых у Брэсце, як вынікае з дакументаў, развіўся стэрнамедыясцыніт — гэта цяжкі інфекцыйны працэс, калі запаляецца і нарывае грудзіна і тканкі ўнутры грудзі. У трох выпадках пачаўся сепсіс — стан, калі імунная сістэма дае збой у адказ на інфекцыю. Дадаткова ў двух пацыентаў была генералізаваная інфекцыя. Гэта цяжкае захворванне, пры якім вірусы, бактэрыі або грыбкі распаўсюджваюцца па ўсім арганізме па-за межамі ачага.

«Кардыурэкс» выкарыстоўвалі і пры правядзенні аперацый на сэрцы дзевяці пацыентам сталічнага РНПЦ «Кардыялогія». Усе яны паступілі ў цэнтр з 17 лютага па 3 сакавіка. Пацыенты былі ва ўзросце ад 41 да 68 гадоў. Двое з Мінска, семярых — з Мінскай вобласці.

Пасля аперацыі ў ўсіх дзевяці лекары выявілі высокаўстойлівыя бактэрыі, а таксама дыягнаставалі сепсіс. Выратаваць удалося васьмі. 67-гадовая жанчына памерла.

Што паказалі лабараторныя даследаванні?

З дакументаў вынікае, што пацыентам у РНПЦ «Кардыялогія» ўводзілі Adenosin Injection IP 6 mg/ml Cardiurex, які вырабіла індыйская кампанія Welcure Remedies. Установа ўпершыню атрымала 1000 упакоўак гэтага прэпарата 18 лютага. Колькі паставілі Брэсцкай абласной бальніцы — невядома.

Пры гэтым у дакументах адзначаецца: Брэсцкая абласная бальніца не паведаміла пра выяўленне ў крыві пацыентаў бактэрый ні гарадскому, ні абласному цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. А ў РНПЦ «Кардыялогія», наадварот, паведамілі адразу.

Аналіз мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што прэпарат быў нестэрыльны — у ім выявілі Klebsiella oxytoca і Serratia marcescens. Тыя ж бактэрыі выявілі і ў аналізах пацыентаў РНПЦ «Кардыялогія», якім уводзілі лекавы сродак.

Не выключана, што гэта не адзіныя віды бактэрый, якія змяшчаліся ў ін'екцыйным растворы. Напрыклад, у памерлых пацыентаў Брэсцкай абласной бальніцы знаходзілі не толькі Klebsiella oxytoca. У большасці выпадкаў там была Acinetobacter baumannii, радзей — Klebsiella pneumoniae і Haemophilius influenzae.

13 сакавіка Дзяржфармнагляд паведаміў у Міністэрства аховы здароўя, і яно загадала вывесці з абарачэння партыю прэпарата WADG25001A.

Высветлілася, што лекі паставіла беларуская кампанія «ЮМБ-Фарм». Менавіта з ёй «Мінская фармацыя» заключыла дагавор у канцы ліпеня мінулага года. Сярод тых, каму ішлі пастаўкі, — 24 установы з усёй краіны. У тым ліку РНПЦ «Кардыялогія», галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкае РУП «Фармацыя».

Усяго ж паводле дагавора да 30 чэрвеня 2026 года «ЮМБ-Фарм» павінна была паставіць 5943 адзінкі гэтага лекавага сродку. Ці былі яны ўсе з адной партыі, ці з некалькіх — невядома.

Праблемы выявілі СААЗ і індыйскія эксперты

Пра нестэрыльнасць «Кардыурэкса» індыйскага вытворцы Welcure Remedies папярэджвала і Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Так, 25 мая Дзяржаўная служба кантролю за лекавымі сродкамі пры Міністэрстве аховы здароўя Літвы паведаміла, што атрымала ад СААЗ ліст пра небяспеку ўсё той жа партыі WADG25001A. Арганізацыя адзначала, што ў Літве гэтага прэпарата няма, але на ўсялякі выпадак прасіла пастаўшчыкоў паведаміць, калі яны яго набывалі.

У ліпені Цэнтральная арганізацыя па кантролі стандартаў лекавых сродкаў Індыі (CDSCO) уключыла тую ж партыю ад Welcure Remedies у спіс прэпаратаў, якія не адпавядаюць стандартам якасці. Сярод прычын — парушэнне стэрыльнасці і наяўнасць бактэрыяльных эндатаксінаў. Гэта, груба кажучы, рэшткі бактэрый, якія пры трапленні ў арганізм могуць выклікаць моцнае запаленне, жар, а ў цяжкіх выпадках — сепсіс і септычны шок.

Апошнія навіны