У Беларусі ўвядуць больш жорсткія правілы выезду груп дзяцей за мяжу
- 21.08.2026, 10:34
Пастанова ўступіць у сілу праз месяц.
Трое непаўналетніх — гэта ўжо група дзяцей, гаворыцца ў пастанове ўрада. Праз месяц для выезду такой групы за мяжу, калі гэты выезд арганізуюць не бацькі, законныя прадстаўнікі або сваякі, спатрэбіцца спецыяльны дазвол, перадае «Белсат».
Савет Міністраў Беларусі 20 жніўня адабрыў пастанову «Аб выездзе непаўналетніх грамадзян за межы Рэспублікі Беларусь». Пастанова была афіцыйна апублікаваная 21 жніўня і ўступіць у сілу праз месяц.
Пастанова распаўсюджваецца на «замежныя мерапрыемствы», куды трох і больш непаўналетніх вязуць арганізатары, гэта значыць юрыдычныя і фізічныя асобы, якія не з’яўляюцца бацькамі, законнымі прадстаўнікамі або сваякамі (з агульным з дзецьмі продкам да прадзеда і прабабулі ўключна). Пад «мерапрыемствамі» разумеюцца адукацыйныя, санаторныя, лячэбныя, фізкультурныя, спартыўныя, культурныя і іншыя паездкі.
Адказнасць за жыццё і здароўе, бяспеку і захаванне правоў дзяцей нясуць арганізатар і асобы, якія іх суправаджаюць.
Для выезду такой групы спатрэбіцца дазвол пэўнага органа ў залежнасці ад мэты: міністэрстваў адукацыі, культуры або спорту; Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння; аблвыканкамаў або Мінгарвыканкама.
А каб атрымаць дазвол, не пазней чым за 30 дзён да выезду трэба паведаміць пра запрашэнне (калі яно ёсць), арганізатара паездкі, рэгламент або ўмовы правядзення мерапрыемства, яго праграму, спіс удзельнікаў, крыніцы фінансавання, маршрут і месцы знаходжання, страхоўку. Таксама могуць запатрабаваць дадатковыя дакументы.
Адказ павінны даць на працягу пяці рабочых дзён (з магчымасцю падаўжэння разгляду да 10 каляндарных дзён). Дакументы, якія паступілі на разгляд, павінны захоўвацца не менш як год.
Адмовіць могуць у тым ліку «пры наяўнасці звестак пра неспрыяльную эпідэміялагічную, іншую абстаноўку ў краіне ўезду». Якую «іншую» — не ўдакладняюць.
Лукашэнка ў чэрвені заклікаў забараніць замежныя паездкі дзяцей «без дзяржаўнага кантролю і дазволу» і раіў «паседзець дома ў ціхай, спакойнай краіне» пасля таго, як у Бранскай вобласці Расіі аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў пад удар.
Адказнасць за тое, што аўтобус з дзецьмі фактычна апынуўся ў небяспечнай зоне, Лукашэнка ўсклаў на бацькоў групы. На пачатку ліпеня пад удар дрона трапіў яшчэ адзін аўтобус з беларусамі, які ехаў праз Расію.
Пасля гэтых здарэнняў беларускія тураператары не спынілі тураў у Расію, у тым ліку на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Нават цяпер можна купіць туры з Беларусі ў Крым.