Хунта М'янмы пачала спальваць вёскі пад будаўніцтва абяцаных Пуціным прадпрыемстваў
- 21.08.2026, 13:02
Сотні салдат праводзяць аперацыю па «зачыстцы» раёнаў.
Калісьці Уладзімір Пуцін сустракаўся з лідэрамі краін «вялікай сямёркі», а расійскія кампаніі адкрывалі прадпрыемствы і офісы ў Еўропе і ЗША. Цяпер Пуцін наладжвае сяброўскія сувязі з кіраўніком хунты М'янмы Мін Аўн Хлайнам, які абвінавачваўся ў генацыдзе народа рохінджа, калі камандаваў узброенымі сіламі краіны, а пяць гадоў таму на чале ваеннай хунты здзейсніў дзяржаўны пераварот. Для расійскіх прадпрыемстваў, якія Пуцін падчас візіту Хлайна ў Маскву паабяцаў пабудаваць у М'янме, мясцовыя вайскоўцы ўжо пачалі «зачышчаць тэрыторыю».
Сотні салдат праводзяць аперацыю па гвалтоўным вызваленні раёнаў, выдзеленых пад падтрыманую Расіяй спецыяльную эканамічную зону (СЭЗ) на поўдні краіны. Яны спальваюць вёскі і блакуюць прылеглыя ўчасткі зямлі, распавялі Reuters байцы супраціву і мясцовы актывіст, які непасрэдна ведае пра тое, што адбываецца.
Мяркуецца, што СЭЗ у раёне горада Давэй будзе ўключаць глыбакаводны порт і электрастанцыю. Хлайн на гэтым тыдні ў Маскве абмяркоўваў развіццё СЭЗ з Пуціным. Расійскія інвестары гатовыя паўдзельнічаць у энергетычных праектах, заявіў Пуцін: «На парадку дня сумеснае будаўніцтва на поўдні М'янмы электрастанцыі і нафтаперапрацоўчага завода. Расійскія кампаніі таксама гатовыя падключыцца да геолагаразведкі і здабычы вуглевадародаў, у тым ліку на шэльфе».
Газавае шэльфавае радовішча размешчана прыкладна за 45 км ад меркаванага порта.
Паводле дзвюх крыніц Reuters, ваенныя пачалі сілавую аперацыю каля Давэя яшчэ ў ліпені. Хунта часткова страціла доступ да раёна падчас грамадзянскай вайны, што разгарэлася пасля путчу, у выніку якой каля 100 тысяч чалавек былі забітыя, а 3,5 млн былі вымушаныя пакінуць свае дамы. «Вайскоўцы прасоўваюцца калонамі і зачышчаюць тэрыторыі. Некаторыя вёскі і дамы былі спалены», — паведаміў Reuters Саў Да Ко з Народных сіл абароны рэгіёна Танінтары.
«Яны ўваходзяць у рэгіён і, атрымаўшы падмацаванне з боку ваенна-марскіх сіл, наступаюць на вёскі, размешчаныя ў зоне рэалізацыі праекта глыбакаводнага марскога порта», — сказаў Мін Лвін Оо з Камітэта руху за дэмакратыю.
Расію і М'янму «аб'ядноўваюць сапраўды моцныя повязі сяброўства», што стварае добрую базу для развіцця эканамічных сувязяў, сказаў Пуцін на сустрэчы з Мінам Аўнам Хлайнам.
Праект СЭЗ можа забяспечыць Расіі больш шырокі доступ да рынкаў Паўднёва-Усходняй Азіі і прысутнасць у партах у рэгіёне Індыйскага акіяна, патлумачыў Reuters чалавек, знаёмы з пазіцыяй Масквы. Аднак рызыкі ў М'янме, паводле яго слоў, «па-ранейшаму вельмі высокія».
Па выніках перамоваў прэзідэнты дзвюх краін падпісалі 12 пагадненняў, сярод якіх — дэкларацыя аб сумесным супрацьдзеянні санкцыям, накіраваная на «змякчэнне і кампенсаванне негатыўных наступстваў аднабаковых прымусовых мер». Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве ў касмічнай сферы, лічбавых тэхналогіях і культуры.
Паводле слоў Пуціна, таксама «дасягнута дамоўленасць прыняць рашэнне аб узвядзенні ў найбуйнейшым м'янманскім горадзе Янгоне храма Рускай праваслаўнай царквы».