Нечаканае прызнанне Лукашэнкі
- Валер Карбалевіч
- 21.08.2026, 18:33
Падсвядомасць выдала дыктатара.
Так склалася, што амаль адначасова адбыліся некалькі вельмі паказальных падзей, якія засведчылі, на якія напрамкі цяпер скіраваная знешняя палітыка Беларусі.
У Мінск з афіцыйным візітам прыбыў кіраўнік М’янмы Мін Аўн Хлайн. У гэтыя ж дні ў Беларусі знаходзіцца ўрадавая дэлегацыя Афганістана на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і ірыгацыі.
А міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у гэтыя дні праводзіў адпачынак у Паўночнай Карэі. Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал беларускага МЗС. Паводле яго звестак, Рыжанкоў паехаў у КНДР разам з сям’ёй і знаходзіцца там у гасцях у «сяброў», дзе «свежае паветра, ідэі чучхэ і размовы пра вечнае». Праўда, каб сустрэць кіраўніка вайсковай хунты М’янмы ў Мінску, ён паспеў вярнуцца.
Што аб’ядноўвае М’янму, Афганістан і КНДР? Гэта краіны-ізгоі, найбольш адыёзныя, ізаляваныя, бедныя ў свеце — усе яны знаходзяцца пад жорсткімі міжнароднымі санкцыямі.
Арыентацыя знешняй палітыкі Беларусі на краіны-ізгоі адбылася не ад добрага жыцця. Паварот у бок Глабальнага Поўдня стаў вынікам жорсткага канфлікту афіцыйнага Мінска з Захадам. Прычым гэтая пераарыентацыя атрымала магутнае прапагандысцкае абгрунтаванне. Маўляў, Захад загнівае, ён страціў сваю дамінуючую ролю ў свеце, церпіць паразу ад краін Поўдня, таму «сонца ўзыходзіць на ўсходзе». Гэтыя пастулаты беларуская дзяржаўная прапаганда паўтарае ўжо шмат гадоў ледзь не штодзённа.
Канфуз з кампліментам
І вось тут здарыўся канфуз. 20 жніўня Аляксандр Лукашэнка, прымаючы прэзідэнта М’янмы Міна Аўна Хлайна, заявіў:
«У вас такая вопратка. У мяне такой няма. Абсалютна еўрапейскі чалавек, а не азіяцкі».
Рэпліка фенаменальная. Яе хіба што можна параўнаць з эпізодам, які адбыўся ў 1999 годзе, калі Лукашэнка прывітаў прэм’ера Кітая Лі Пэна словамі: «Вы хоць і ўсходні чалавек, але разважаеце, як сапраўдны еўрапейскі палітык» («Беларуская дзелавая газета», 1999, 26 лютага).
Падобныя сітуацыі ўзнікаюць, калі Лукашэнка шчыра хоча зрабіць камплімент палітыку, партнёру па перамовах, але часам выходзіць недарэчна, прынамсі двухсэнсоўна, а парой і проста абразліва. Калі казаць пра выпадак з Лі Пэнам, то, як вядома, паводле кітайскай традыцыі іх краіна лічыцца цэнтрам свету, Паднябеснай. Тым больш што КНР цяпер імкнецца ў сусветныя лідары. Таму падобная заява выглядала для кіраўніка ўрада Кітая амаль як блюзнерства.
У сюжэце з «кампліментам» прэзідэнту М’янмы цікавае нават не прыніжальнае для азіяцкага палітыка параўнанне, у якім праглядаецца цывілізацыйная перавага Еўропы над Азіяй. Тут мы фіксуем уяўленне, што вырвалася з падсвядомасці Лукашэнкі: еўрапейскае па статусе вышэй за азіяцкае, больш якаснае, прагрэсіўнае. Гэта прызнанне разбівае ўсе прапагандысцкія наратывы пра загніваючы Захад. І паказвае, што паварот афіцыйнага Мінска ў бок Глабальнага Поўдня быў вымушаны, ён адбыўся не ад добрага жыцця. Бо Еўропа не прымае цяперашні рэжым Беларусі.
Піяр і спроба манетызацыі сяброўства
Такім чынам, пераарыентацыя знешняй палітыкі афіцыйнага Мінска на ўсход і поўдзень прызваная вырашыць некалькі задач. Перш за ўсё, гэта танны піяр. Кіраўніцтва Беларусі імкнецца даказаць, што міжнароднай ізаляцыі краіны няма, што ў свеце шмат дзяржаў, якія хочуць сябраваць, а Лукашэнка — паважаны палітык.
Таксама відавочная спроба атрымаць эканамічныя дывідэнды. Паколькі гэтыя краіны (М’янма, Афганістан і КНДР) ізаляваныя, ахвотных супрацоўнічаць з імі няшмат. Таму, маўляў, вось мы прыйдзем на вольнае месца, на цаліну, і зможам нешта злавіць. Аднак досвед апошніх гадоў не пацвярджае эканамічнай эфектыўнасці такога сяброўства.
Чым падобныя рэжымы
Тым не менш мы бачым, што інтэнсіўнасць сустрэч паміж Лукашэнкам і Мінам Аўнам Хлайнам вельмі вялікая. У мінулым годзе яны сустракаліся шэсць разоў. Прычым кіраўнік М’янмы наведваў Мінск двойчы. Лукашэнка здзейсніў візіт у гэтую краіну ў лістападзе 2025 года, сёлета ён быў там у ліпені. Не мінула і двух месяцаў, як прэзідэнт М’янмы зноў прыляцеў у Мінск. Так часта Аляксандр Лукашэнка сустракаецца хіба што з Уладзімірам Пуціным.
Што звязвае дзве краіны або два рэжымы? Падчас перамоў шмат распавядалі пра выдатныя перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Аднак калі паглядзець на афіцыйную статыстыку, яна не ўражвае. Так, тавараабарот Беларусі і М’янмы за 2025 год склаў $15,9 млн, а за першае паўгоддзе гэтага года ён падвоіўся.
Галоўным кампанентам двухбаковага супрацоўніцтва з’яўляецца ваенна-тэхнічнае ўзаемадзеянне. Яно каардынуецца праз сумесную камісію, у межах якой абмяркоўваюцца пытанні вытворчасці, рамонту, трансферу тэхналогій і навучання.
Гэтая сфера супрацоўніцтва пакрытая таямніцай. Лукашэнка падчас цяперашніх перамоў у Мінску заявіў:
«Фармат нефармальнай абстаноўкі яшчэ важны тым, што закранаюцца пытанні, якія не агучыш і публічна не абмяркуеш».
Слабое месца ў адносінах
У М’янмы няма грошай, каб аплачваць пастаўкі беларускай прадукцыі. І каб здзелкі адбыліся, Мінск вымушаны даваць крэдыты партнёру, каб той мог плаціць за імпарт з Беларусі. Згодна з умовамі крэдытнага пагаднення, м’янманскі бок павінен будзе пагасіць крэдыты не больш як за 5 гадоў.
Увогуле палітычныя рэжымы Беларусі і М’янмы ў многім падобныя. У 2021 годзе ў М’янме адбыўся дзяржаўны пераварот, быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад. Масавыя пратэсты былі жорстка падаўлены, забіта каля 1600 чалавек. За кратамі апынуліся тысячы палітвязняў, сярод іх — 240 дзяцей. Да арыштаваных ужываліся катаванні. Усё гэта добра знаёма беларусам.
Як і ў Беларусі, з М’янмы адбываецца масавы ад’езд грамадзян. 3,5 мільёна жыхароў былі вымушаныя пакінуць сваю краіну.
Таксама, як і Беларусь, М’янма знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Лукашэнка стаў другім палітыкам, які наведаў М’янму пасля перавароту. У 2021 годзе ў гэтую краіну прыязджаў тагачасны прэм’ер Камбоджы Хун Сен. Сяброўства з м’янманскім рэжымам моцна б’е па рэпутацыі палітыкаў. На збліжэнне з ім ідуць толькі тыя лідары, якім ужо няма чаго губляць.
Афганістан і КНДР — новыя партнёры?
Нешта падобнае адбываецца і ў эканамічным супрацоўніцтве з Афганістанам. Беларусь зацікаўленая пастаўляць у гэтую краіну сельгастэхніку, прадукты харчавання. Але Афганістан — вельмі бедная дзяржава, яму няма чым плаціць за пастаўкі беларускай прадукцыі.
Цікава, што беларускія дзяржаўныя СМІ фактычна не паведамляюць пра прыезд дэлегацыі Афганістана, перамовы ў Мінску. А наадварот, афганскія СМІ актыўна асвятляюць гэты візіт. Магчыма, улады Беларусі не хочуць афішаваць гэтыя кантакты з той прычыны, што ў Афганістане кіруе ісламісцкі рух «Талібан», які ў многіх краінах афіцыйна прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй.
Сяброўства Беларусі з КНДР дайшло да такой стадыі, што міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў паляцеў у Паўночную Карэю на адпачынак.
Не зусім зразумела, якія дывідэнды ад супрацоўніцтва з гэтай краінай імкнецца атрымаць афіцыйны Мінск. У КНДР пануе самы жорсткі дыктатарскі рэжым у свеце. Гэта краіна — абсалютны рэкардсмен па колькасці санкцый, уведзеных супраць яе. Прычым шмат абмежаванняў уведзена рашэннямі Савета Бяспекі ААН, то бок іх падтрымалі такія пастаянныя чальцы гэтага органа, як Расія і Кітай.
Гандлёвыя адносіны паміж краінамі практычна на нулі. Паводле вельмі сціплай, фрагментарнай статыстыкі, гадавы тавараабарот складае прыблізна $0,5–1 млн у год. То бок гаворка ідзе пра выпадковыя пастаўкі нейкага тавару (напрыклад, партыі мяса ў 2025 годзе). Негатыўна ўплываюць на эканамічнае супрацоўніцтва санкцыі, складаная лагістыка. Нельга выключаць з’яўлення ў Беларусі карэйскіх рабочых. Экспарт працоўнай сілы — гэта той рэдкі «тавар», які можа пастаўляць КНДР.
Магчыма, Беларусь паспрабуе ўціснуцца, уклініцца ў супрацоўніцтва ВПК Расіі і Паўночнай Карэі. Але гэтая сфера моцна закрытая.
Хіба што супрацоўніцтва Беларусі з гэтымі адыёзнымі ізгоямі з’яўляецца толькі добрай ежай для прапагандысцкіх рэсурсаў.
Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»