Украіна ўдарыла па РФ рэкорднай колькасцю дронаў і ракет «Фламінга»
- 22.08.2026, 6:00
Кіеў нарошчыў інтэнсіўнасць далёкіх удараў.
Узброеныя сілы Украіны за апошні тыдзень выкарысталі для удараў па тэрыторыі Расіі 26 дальнабойных крылатых ракет «Фламінга» і 8477 беспілотнікаў. Пра гэта заявіла Міністэрства абароны РФ, назваўшы такую колькасць сродкаў паветранага нападу рэкорднай за ўвесь час вайны.
Паводле сцверджання расійскага ведамства, украінскія вайскоўцы таксама прымянілі 70 кіраваных авіябомб і 17 рэактыўных снарадаў HIMARS і Vampire. У Мінабароны РФ заявілі, што ўсе пералічаныя сродкі паражэння былі нібыта перахопленыя расійскай сістэмай СПА.
Украіна ў апошнія месяцы прыкметна ўзмацніла інтэнсіўнасць далёкіх удараў па расійскіх аб’ектах. У сярэдзіне жніўня, паводле паведамленняў СМІ, ракеты «Фламінга» паразілі касмічны цэнтр у Самары, дзе вырабляюцца ракеты для расійскага аналага Starlink. У канцы ліпеня паведамлялася пра ўдар па заводзе зенітных ракет у Кіраве, а ў чэрвені — па прадпрыемстве ў Валгаградзе, якое выпускае ўстаноўкі для комплексаў «Іскандэр» і «Топаль».
Украінскія беспілотнікі таксама рэгулярна атакуюць аб’екты нафтагазавай інфраструктуры і лагістычныя цэнтры Wildberries у розных рэгіёнах Расіі.
Узмацненне далёкіх атак, у сваю чаргу, прывяло да росту попыту на сродкі абароны ад беспілотнікаў з боку расійскага бізнесу. Паводле дадзеных сістэмы «Тендерплан», у першай палове 2026 года расійскія кампаніі выдаткавалі на антыдронавае абсталяванне 441,3 млн рублёў — у 6,6 раза больш, чым за той жа перыяд годам раней.