Лукашэнка ваюе са здаровым сэнсам
- 22.08.2026, 8:21
Улады вырашылі рэанімаваць галіну, якую самі ж забівалі.
Беларускія ўлады заўсёды вылучаліся ўнікальнымі здольнасцямі да стратэгічнага планавання. У сераду, 18 жніўня, быў падпісаны ўказ аб развіцці аграэкатурызму.
Пра тое, як Аляксандр Лукашэнка цяпер спрабуе рэанімаваць галіну, якую сам жа тры гады забіваў, — у новым выпуску праграмы «Оптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак».
Новае старое
Дакумент прадугледжвае падоўжанне тэрмінаў ільготнага крэдытавання, магчымасць для ўладальнікаў плаціць спецыяльны збор у 45 рублёў замест падатку, пашырэнне пераліку паслуг, якія могуць аказваць аграсядзібы. Увогуле, добры ўказ, трэба браць.
Але ёсць нюанс. Гэты ўказ увогуле не спатрэбіўся б, калі б у 2022 годзе той самы Лукашэнка не падпісаў указ таксама аб развіцці аграэкатурызму. Дакладна такі ж, як цяпер, але іншы.
Тады ўлады абмежавалі колькасць паслуг, якія могуць аказваць аграсядзібы, устанавілі, што колькасць жылых пакояў павінна быць не больш за дзесяць, увялі правіла, паводле якога ўладальнікі павінны атрымліваць дазвол ад райвыканкамаў. Абавязковым патрабаваннем было вядзенне падсобнай гаспадаркі. То бок камісіі правяралі, ці ёсць агарод, цяпліцы, сад, хатнія жывёлы. А каб двойчы не ўставаць, правялі для аграсядзіб поўную перарэгістрацыю.
І ўсё. Бізнэс, які паспяхова развіваўся на працягу многіх гадоў, проста рухнуў. З трох тысяч дзеючых аграсядзіб перарэгістрацыю прайшлі толькі 1300. За мінулыя з таго часу гады іх колькасць нават і блізка не аднавілася. На пачатак 2026 года ў краіне было зарэгістравана 1441 аграсядзіба. Колькасць турыстаў, якія скарысталіся іх паслугамі, упала з 560 тысяч у 2022 годзе да 470 тысяч у 2025-м.
Пры гэтым усё гэта рабілася на фоне размоў пра тое, што нам трэба ажывіць беларускае сяло. Заклікаў прыцягваць у вёску інвестыцыі. Абяцанняў стварыць такія ўмовы, каб людзі самі хацелі вяртацца.
Каму перашкаджалі аграсядзібы
Пры гэтым нават самі ўлады не маглі толкам патлумачыць, навошта яны забіваюць гэты працуючы бізнэс. Аляксандр Лукашэнка казаў, што ў галіне трэба навесці парадак. Я лічу, што прычынай, як заўсёды, былі зайздрасць і жаднасць.
«Плаціце падаткі, як усе гасцінічныя комплексы. Плаціце падаткі, як увесь рэстаранны бізнэс», — казаў тады Лукашэнка ў 2022 годзе.
Правілы ўжорстчылі, але падаткаў ад гэтага чамусьці больш не стала. Бо большасць аграсядзіб проста закрыліся. Прычым гэта адбылося, калі колькасць турыстаў у Беларусі расла з аб’ектыўных прычын — праз праблемы з візамі і перасяканнем межаў. У параўнанні з 2022 годам колькасць расійскіх турыстаў павялічылася на мільён, колькасць беларускіх — на семсот тысяч чалавек.
То бок, калі б не жаданне ўладаў наводзіць парадак, як яны яго разумеюць, галіна магла б цяпер квітнець. Людзі б зараблялі, плацілі падаткі, бізнэс пашыраўся б. Але ўсяго гэтага не адбылося.
І вось цяпер улады спрабуюць рэанімаваць тое, што самі ж і забівалі. Спрабуюць зноў прымусіць паверыць людзей, якіх ужо падманулі.
Безумоўна, ахвочыя пагуляць з дзяржавай у азартныя гульні знойдуцца. Вось толькі з моманту з’яўлення ў Беларусі першых аграсядзіб да іх нядоўгага росквіту мінула дваццаць гадоў. Нават цяпер наўрад ці справа пойдзе значна хутчэй. Тым больш што няма ніякіх гарантый, што праз год-два жаднасць і зайздрасць зноў не возьмуць верх над здаровым сэнсам.