«Бабулькі хутка пачнуць драцца»
- 22.08.2026, 9:31
Людзі займаюць чаргу па прадукты каля аўталаўкі з шостай раніцы.
У Уздзе кожны чацвер каля аўталаўкі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната збіраецца чарга. Некаторыя пакупнікі займаюць яе яшчэ каля 6 раніцы, хоць машына з прадукцыяй прыязджае толькі каля 10:30. Прычына такога ажыятажу простая: папулярных прадуктаў хапае далёка не ўсім, піша BGmedia.
Мясцовая жыхарка зняла відэа, дзе кажа, што такая сітуацыя працягваецца ўжо каля трох гадоў. Пакупнікі ведаюць адзін аднаго і кожны тыдзень фактычна спаборнічаюць за магчымасць апынуцца першымі.
«Бабулькі хутка пачнуць драцца, там усе адзін аднаго ненавідзяць, бо першы забірае ўсё», — апісвае тое, што адбываецца, беларуска. Яна прапанавала камбінату або прывозіць больш прадукцыі, або ўвесці абмежаванне на колькасць тавару ў адны рукі.
У каментарыях жанчына патлумачыла, што асабліва хутка разбіраюць асобныя пазіцыі, напрыклад, ялавічыя шчокі і рэбры. Першыя пакупнікі могуць набіраць прадукты не толькі сабе, але і сваякам і знаёмым, таму тым, хто апынуўся трэцім або чацвёртым у чарзе, ужо дастаецца далёка не ўсё.
Аўтар распавядае, што яе бацькі таксама ўстаюць каля пятай раніцы, каб паспець заняць чаргу. Пры гэтым чакаць аўталаўку пенсіянерам даводзіцца некалькі гадзін незалежна ад надвор'я.
Па яе словах, праблема яшчэ і ў тым, што патрэбнай прадукцыі ў звычайных крамах Узды няма.
Пры гэтым да самога Стаўбцоўскага камбіната ў каментатараў прэтэнзій практычна няма. Наадварот, яго прадукцыю масава хваляць: «Вельмі якасная і смачная», «Стаўбцоўская прадукцыя ідзе на ўра», «Варта паспрабаваць адзін раз — і ўсё, вы прапалі».
Сітуацыю пракаментавалі і на самым мясакамбінаце. Там патлумачылі, што гаворка ідзе пра прадукцыю, якую фізічна немагчыма вырабляць у вялікіх аб'ёмах. Колькасць некаторых субпрадуктаў наўпрост залежыць ад аб'ёмаў перапрацоўкі жывёлы: з адной тушы можна атрымаць толькі абмежаваную колькасць тых жа шчок або рэбраў.