BE RU EN

У Беларусь заляцелі 12 расійскіх дронаў-ракет «Бандэроль»

  • 22.08.2026, 10:14

У неба падымалі авіяцыю.

Адразу некалькі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў паведамілі, што раніцай 22 жніўня на тэрыторыю Беларусі заляцелі прынамсі 12 расійскіх дронаў-ракет «Бандэроль», на што звярнула ўвагу «Свабода». Згодна з інфармацыяй украінскіх каналаў, з аэрадрома Баранавіч падымалі вайсковы самалёт. У той жа час няма звестак пра тое, як расійскія гібрыдныя беспілотнікі былі нейтралізаваныя — збітыя або на іх уздзейнічалі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

У якіх напрамках рухаліся расійскія дроны

Паводле інфармацыі Telegram-канала «Ринда моніторить», «Бандэролі» пачалі рухацца ў бок Беларусі з 4 раніцы. Інфармацыя пра першы дрон, што ляцеў у напрамку ліквідаванай пасля Чарнобыльскай катастрофы вёскі Чыкалавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, з’явілася а 04:01.

А 04:04 — на вёску Уласы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

А 04:06 і 04:15 — дзве «Бандэролі» — на Нараўлю (Гомельская вобласць). Адна з іх адразу ўзяла курс на Мазыр.

Інфармацыя пра дрон на Петрыкаў (Гомельская вобласць) з’явілася а 04:24.

Дрон тыпу «Бандэроль» у напрамку аграгарадка Скрыгалаў (Брагінскі раён, Гомельская вобласць) зафіксавалі а 04:28.

А 04:28 — яшчэ адзін дрон на Петрыкаў, а 04:36 — на Радкоў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, а 04:41 — на Капаткевічы Петрыкаўскага раёна.

А 04:45 з’явілася інфармацыя пра «Бандэроль», якая рухалася ў бок гарадка Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Паводле даных украінскага маніторынгу, менавіта там у паветра быў падняты знішчальнік Су-30.

Праз дзве гадзіны пасля гэтага — а 06:22 з’явілася інфармацыя пра расійскі дрон у раёне Ельска (Гомельская вобласць), а 06:30 — на Мазыр.

Яшчэ адзін украінскі маніторынгавы канал а 04:33 паведаміў пра дрон у раёне ракі Пціч і а 04:40 — у Капаткевічах (верагодна, гэта той самы дрон, пра які а 04:41 паведамляў першы канал).

Паводле інфармацыі канала «ЄРадар», а 04:42 з аэрадрома ў Баранавічах у паветра ўзняўся яшчэ адзін вайсковы самалёт.

Што вядома пра расійскія дроны «Бандэроль»

Дроны «Бандэроль» — гібрыд малагабарытнай крылацатай ракеты і рэактыўнага ўдарнага дрона. Ён мае хуткасць да 650 кіламетраў на гадзіну і здольнасць перагружаць супрацьпаветраную абарону.

Далёкасць палёту гэтага дрона складае 500 кіламетраў, ён можа несці да 50 кілаграмаў выбухоўкі.

У сілах супрацьпаветранай абароны Украіны неаднаразова заяўлялі, што галоўная небяспека «Бандэроляў» у тым, што з-за рэактыўнага рухавіка і высокай хуткасці іх складана перахапіць мабільнымі групамі.

Для збіцця гэтага віду беспілотнікаў патрэбныя больш складаныя зенітныя комплексы.

Акрамя таго, гэтыя ракеты-дроны маюць вялікую плошчу аскепкавага паражэння цэляў.

Вядомыя як мінімум два выпадкі, калі «Бандэролі» заляталі на тэрыторыю Малдовы. У адным выпадку адзін з іх трапіў у дрэва, але ад выбуховай хвалі тады моцна пацярпелі прыватныя пабудовы аднаго з населеных пунктаў. Пасля гэтага выпадку Кішынёў адклікаў свайго пасла з Расіі.

Апошнія навіны