У Беларусі найстарэйшы дзяржаўны забудоўшчык падаў заяву аб банкруцтве
- 22.08.2026, 11:27
Арганізацыя прапрацавала амаль 60 гадоў.
Яшчэ ў маі Эканамічны суд Гомельскай вобласці адкрыў справу аб банкруцтве ААТ «Будаўнічы трэст № 14». Тады ў суд звярнуліся два крэдыторы, перад якімі будаўнічае прадпрыемства было павінна крыху больш за 1,6 млн рублёў. Аднак пасля гэтага колькасць прэтэнзій шматкроць вырасла, а пададзеная да спагнання запазычанасць будаўнічага трэста перавысіла 52 млн рублёў. Гэтыя дакументы апублікаваныя на сайце ЕГРСБ, заўважыў сайт officelife.by.
«Будаўнічы трэст № 14» — дзяржаўная арганізацыя, якая з 1967 года займалася будаўніцтвам у рэгіёне і не толькі. Яшчэ ў 2023-м на прадпрыемстве працавала каля 900 супрацоўнікаў.
Яно будавала жылыя дамы, дзіцячыя сады, школы, бальніцы. У партфелі трэста такія буйныя праекты, як Абласны драмтэатр, Гомельскі цырк, Палац лёгкай атлетыкі, гасцініцы «Гомель» і «Турыст», вучэбныя карпусы ВНУ, кінатеатрры, высотка ВА «Беларуснафта», гандлёвыя цэнтры.
Што пайшло не так — не зусім зразумела. Але на пачатак 2026 года ў будаўнічым трэсце лічылася ўсяго каля 100 чалавек. І сёння прадпрыемства віннае і сваім работнікам, і значныя сумы па падатках і ў ФСАН, а ў асноўным — розным прадпрыемствам-кантрагентам. Пры гэтым яго актывы ацэньваюцца менш чым у 30 млн рублёў, і відавочна, што для пагашэння даўгоў іх не хопіць.
Цяпер на таргі выставілі некалькі будынкаў трэста ў Гомелі, а таксама мноства разнастайнай тэхнікі, легкавыя і грузавыя аўтамабілі і інш. Пасяджэнне суда, на якім прадпрыемства з амаль 60-гадовай гісторыяй, хутчэй за ўсё, прызнаюць банкрутам і накіруюць у ліквідацыю, адбудзецца 11 верасня.