BE RU EN

У Варшаве праходзіць развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам

  • 22.08.2026, 12:27

(абнаўляецца) Сёння яго пахаваюць на вайсковых могілках Павонзкі.

Цырымонія развітання з беларускім апазіцыйным палітыкам, экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам адбываецца 22 жніўня ў Варшаве.

З 10.00 паводле варшаўскага часу (11.00 паводле мінскага) усе ахвотныя могуць аддаць даніну памяці беларускаму апазіцыянеру ў архікатэдральным саборы Святога Яна Хрысціцеля на вуліцы Świętojańska, 8. А 12.00 (а 13.00 паводле мінскага часу) у саборы пачнецца імша.

Пахаванне запланавана на 15.00 (а 16.00 паводле мінскага часу) на вайсковых могілках Павонзкі па адрасе Powązkowska, 43/45.

Цырымонію развітання наведалі розныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі, польскія дыпламаты і палітыкі. Вянкі ў знак развітання з палітыкам даслалі прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі, прэм'ер-міністр Дональд Туск, а таксама Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Аляксандра Мілінкевіча не стала 11 жніўня.

У 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч быў кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі са статусам «адзінага» на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Пазней ён стварыў грамадскі рух «За Свабоду» і да 2016 года ўзначальваў яго.

Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне. У 1990–1996 гадах ён займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама. У той час ён актыўна садзейнічаў беларусізацыі горада.

У лістападзе 2025 года Мілінкевіч перанёс цяжкую аперацыю. Абследаванне паказала, што правая шыйная артэрыя была на 80% перакрытая тромбам. Пасля хірургічнага ўмяшання ў палітыка развіўся ацёк мозгу, тры тыдні ён знаходзіўся ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Затым быў працяглы перыяд лячэння і рэабілітацыі.

Апошнія навіны