BE RU EN

Ватыкан пабудуе адну з найбуйнейшых электрастанцый Італіі

  • 22.08.2026, 17:31

Станцыя дапаможа Ватыкану дасягнуць поўнай энергетычнай самадастатковасці.

Ватыкан пабудуе электрастанцыю магутнасцю ад 80 да 90 МВт і коштам каля €100 млн ($117 млн), яна будзе працаваць на аднаўляльных крыніцах энергіі і стане адной з найбуйнейшых у Італіі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам рэалізацыі праекта.

Будаўніцтва на тэрыторыі комплексу Санта-Марыя-дзі-Галерыя, які належыць Ватыкану, на паўночна-заходняй ускраіне Рыма, займе ад паўтара да двух гадоў, уключаючы адміністрацыйныя працэдуры. Тэндэры на выкананне работ абвесцяць у бліжэйшыя тыдні.

Праект быў прыярытэтным для Папы Рымскага Францішка — першага пантыфіка, які прызнаў навуковы кансэнсус наконт змянення клімату, і атрымаў падтрымку Папы Льва XIV.

У чэрвені 2026 года Леў XIV заснаваў для яго рэалізацыі фонд Fratello Sole. Пагадненне паміж Італіяй і Ватыканам распаўсюджвае на яго спецыяльны статус, які ўжо дзейнічае для аб’ектаў Ватыканскага радыё, уключаючы вызваленне ад італьянскіх падаткаў і збораў.

Станцыя забяспечыць энергіяй перадатчык Ватыканскага радыё і дапаможа Ватыкану дасягнуць поўнай энергетычнай самадастатковасці. Лішкі электраэнергіі будуць перадавацца Італіі.

У агравальтаічных сістэмах сонечныя панэлі ўсталёўваюцца на вышыні некалькіх метраў над зямлёй, што дазваляе вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры, а іх цень зніжае выпарэнне і абараняе расліны ад экстрэмальных пагодных умоў. Аўтаматычна паваротныя сонечныя панэлі займуць каля 200 гектараў — амаль палову тэрыторыі Санта-Марыя-дзі-Галерыя. На гэтым участку плошчай каля 450 гектараў з 1950-х гадоў знаходзяцца аб’екты Ватыканскага радыё.

Ватыкан — штаб-кватэра Каталіцкай царквы і месцазнаходжанне базылікі Святога Пятра — з’яўляецца найменшай дзяржавай у свеце плошчай 44 гектары і з насельніцтвам менш як 900 чалавек.

Апошнія навіны