Украіна і Расія ўступілі ў новы этап вайны дронаў
- 22.08.2026, 22:27
Дзве краіны спаборнічаюць, хто пабудуе больш хуткія беспілотнікі.
Расія ўсё больш актыўна выкарыстоўвае рэактыўныя ўдарныя беспілотнікі, з-за чаго Украіна вымушаная паскараваць распрацоўку новых сродкаў перахопу. Пра гэта піша The Kyiv Independent.
Як адзначае выданне, новы этап паветранай вайны асабліва прыкметны ў Кіеве. Пасля маштабнай расійскай атакі ў ноч на 20 жніўня, якая забрала жыцці 15 чалавек, удзень сталіца зноў падверглася ўдарам дронаў. Аўтар звязвае гэта з усё больш актыўным ужываннем Расіяй рэактыўных версій Shahed.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення камунікацый камандавання Паветраных сіл ЗСУ Юрыя Ігната, колькасць такіх апаратаў хутка расце. «У ліпені іх было ў пяць разоў больш, чым у чэрвені», — сказаў ён Kyiv Independent.
Па яго словах, часам рэактыўныя дроны складаюць да дзвюх трацін усіх беспілотнікаў, запушчаных на працягу сутак.
Раней Украіна дасягнула значных вынікаў у барацьбе з больш павольнымі Shahed з поршневымі рухавікамі. Украінскія вайскоўцы пачалі масава выкарыстоўваць FPV-дроны-перахопнікі, якія ператварылі адносна танныя грамадзянскія дроны ў эфектыўны элемент супрацьпаветранай абароны. Адзін з такіх перахопнікаў, Wild Hornets STING, каштуе каля 2300 долараў.
Паводле дадзеных даследчыка Цэнтра інфармацыйнай устойлівасці Кайла Глена, Расія хутка павялічвала колькасць запускаў звычайных «Шахедаў». Пік прыйшоўся на май 2026 года, калі РФ запусціла амаль 7500 дронаў за адзін месяц. Нягледзячы на маштаб атакі, украінскія сродкі перахопу дазвалялі збіваць каля 95% поршневых Shahed.
Аднак, як распавядае аўтар матэрыялу, з’яўленне больш хуткіх рэактыўных мадэляў змяняе сітуацыю. Калі звычайны «Шахед» можа развіваць хуткасць прыкладна 185 км/г, то яго рэактыўныя версіі «Герань-4» і «Герань-5» здольныя ляцець са хуткасцю каля 500 і 600 км/г адпаведна. З-за гэтага іх значна складаней знішчаць з дапамогай FPV-перахопнікаў і мабільных агнявых груп.
Украінская разведка ацэньвае вытворчасць расійскіх рэактыўных дронаў прыкладна ў 3000 адзінак у месяц. У жніўні, па ацэнках ГУР, выпуск рэактыўных ударных дронаў ужо перавысіў вытворчасць поршневых версій. У той жа час з-за большай складанасці і кошту новых апаратаў агульная колькасць запускаў расійскіх дронаў у апошнія месяцы скарацілася.
Украіна паралельна спрабуе адаптаваць уласную сістэму перахопу. Адзін з неназваных інжынераў, які працуе над адпаведнай праграмай, распавёў выданню, што ўкраінскія распрацоўшчыкі загадзя пачалі павялічваць хуткасць наяўных перахопнікаў. Па яго словах, ужо існуюць прататыпы, здольныя даганяць рэактыўныя мэты.
«Гэта інжынерная праблема, для якой існуе інжынернае рашэнне», — падкрэсліў інжынер. Ён таксама адзначыў, што новыя перахопнікі не павінны быць істотна даражэй за мадэлі, якія ўжо вырабляюцца серыйна.
Асобным напрамкам стала распрацоўка ўласных рэактыўных перахопнікаў. 14 жніўня былы міністр абароны Міхаіл Фёдараў паведаміў пра выпрабаванні апаратаў, здольных развіваць хуткасць да 600 км/г. А ўжо 21 жніўня Міністэрства абароны Украіны абвясціла пра афіцыйнае паступленне на ўзбраенне першага ўкраінскага рэактыўнага перахопніка Alexa Spatium.
Як адзначае выданне, гэты апарат можа развіваць высокую хуткасць, а ў выпадку адсутнасці паражанай мэты яго можна выкарыстоўваць паўторна. Акрамя барацьбы з беспілотнікамі, перахопнік здольны атакаваць наземныя цэлі і верталёты.