Беларускаму футбалісту далі ў якасці ўзнагароды сем кілаграмаў сыру
- 23.08.2026, 12:18
З аднаклубнікамі ён не падзяліўся.
41-гадовы брамнік футбольнага клуба «Міёры» з другой беларускай лігі Ігар Доўгялло распавёў пра незвычайную ўзнагароду ад балельшчыкаў, атрыманую з нагоды прызнання лепшым гульцом матчу.
— Раскажыце, як вас узнагароджвалі балельшчыкі.
— Па-першае, нават не падазраваў, што мяне прызнаюць лепшым гульцом матчу. А па-другое, што мне яшчэ ўручаць такі прэзент. Ішоў з поля, бачу: нясуць галоўку сыру. І адзін балельшчык мне кажа: «Ідзі сюды. Мы цябе прызналі лепшым гульцом». І вось уручылі сем кілаграмаў сыру. Прыемна і нечакана:). Зразумела, сыр у мяне яшчэ ляжыць — я ж не мыш, каб адразу столькі з'есці. Штосьці і бацькам адвёз. Мама жартавала, каб я наступным разам аплату за матчы браў прадуктамі.
— А партнёры ў раздзявальні што?
— Спрабавалі сабе кавалак урваць, але я не падзяліўся. А што, калі яйкі давалі, мёд — таксама ніхто не дзяліўся:). Дарэчы, гэта было вельмі вясёла, ніхто не пакрыўдзіўся, — паведаміў Доўгялло betting.team.