BE RU EN

На востраве ў Балтыйскім моры знайшлі ліст ад беларуса з 1970-х

  • 23.08.2026, 12:57

Журналісты знайшлі яго адпраўніка.

Сацыяльная сетка Threads даўно ўжо стала працоўным інструментам для пошуку людзей, з якімі даўно абарваліся сувязі, але гэтым разам алгарытмы падкінулі зусім ужо кінашную гісторыю. На востраве Насыпным у Калінінградскім заліве адпачывальнікі знайшлі старую бутэльку з пасланнем ажно з 1970-х гадоў. Адпраўніком аказаўся беларус, ураджэнец Бабруйска.

Фотаздымкамі бутэлькі і ліста падзяліліся чытачы навінавага канала «Мінск. Галоўнае!».

Аркуш паперы з часам часткова намок, але асноўны тэкст прачытаць можна. Аўтар па імені Васіль Платонаў прадстаўляецца сяржантам тэрміновай службы. Малады чалавек перадае прывітанне нашчадкам, наракае на армейскія будні і разважае пра тое, што не можа нават уявіць, «якім будзе сяржант у 2000 годзе, якім будзе яго ўнутраны свет».

У канцы Васіль просіць адказаць яму, «калі ён будзе жывы», і пакідае свой хатні адрас. Жылы дом з гэтымі дадзенымі сапраўды дагэтуль існуе ў Бабруйску.

Знаходка ўзрушыла сацсеткі: менш чым за суткі трэд, у якім усе чакалі новых вестак ад Васіля праз паўстагоддзя, набраў амаль 300 тысяч праглядаў. У ім паспелі адзначыцца і суседзі па доме, і дзеці знаёмых па дачы бабруйчаніна, аднак ніхто падрабязнасцяў пра лёс мужчыны не паведаміў.

Як удалося высветліць журналісту onliner.by, той самы Васіль Платонаў — бацька вядомага беларускага гульца ў настольны тэніс Паўла Платонава. Мы звязаліся са спартсменам, і ён пацвердзіў, што ў курсе гісторыі з бацькавай «капсулай часу». Мужчына сапраўды пакінуў ліст у бутэльцы падчас службы ў Балтыйскім флоце СССР у 1977 годзе.

Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў родны Бабруйск, дзе і жыве дагэтуль. На жаль, угаварыць Васіля Пятровіча пагутарыць асабіста і расказаць абставіны адпраўкі свайго паслання нам не ўдалося нават з некалькіх спроб.

— Ён проста вельмі сціплы. І кажа, што пакуль сам не разумее, як ставіцца да таго, што адбываецца. Але прывітанні «ад нашчадкаў» абавязкова перадам, — смяецца Павел.

Апошнія навіны