Кадыраў амаль перастаў хадзіць і страціў уплыў у Крамлі
- 23.08.2026, 15:05
Чачэнскага кіраўніка перасталі запрашаць у Маскву.
Хвароба кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, судзячы па ўсім, прагрэсуе. Ён перастаў пакідаць Грозны, рэдка з’яўляецца на публіцы і не будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах восенню. Пра гэта піша расійскае незалежнае выданне «Можем объяснить».
Кадыраў перастаў выязджаць са сталіцы Чачні. Тыя рэдкія выпадкі, калі ён з’яўляецца на публіцы, толькі падсілкоўваюць чуткі пра яго цяжкі стан. Нязменны кіраўнік Чачні з цяжкасцю трымаецца на нагах і вымушаны абапірацца на набліжаных і ахоўнікаў.
У Маскву, паводле звестак выдання, Кадырава перасталі запрашаць. Прыкметна, што яго не запрасілі на з’езд кіроўнай партыі «Адзіная Расія» ў сталіцы РФ.
«Крамлёўскі дыктатар стаў называць кіраўніка Чачні проста „Рамзан“ — без імя па бацьку. Ён ужо не можа наўпрост патэлефанаваць нават Вайно і Кірыенку. І апынуўся ў залежным становішчы ад сябра АП, свайго былога ворага, мільярдэра Сулеймана Керымава», — піша «Можем объяснить».
Судзячы па ўсім, Кадыраў страціў статус «кіраўніка Каўказа». Ён таксама пачаў раздаваць спадчыну. У прыватнасці, перадаў свой самалёт Airbus A319 у карыстанне сынам Адаму і Элі. Гэты борт актыўна лётае ў Маскву і Саудаўскую Аравію.
На федэральныя выбары Кадыраў упершыню не ідзе. Замест яго балатуюцца яго найбліжэйшыя людзі. Відавочна, што сваім пераемнікам Кадыраў бачыць самага малодшага сына Адама. Кіраўнік Чачні ігнаруе незадаволенасць Крамля гэтай кандыдатурай, прасоўваючы 18-гадовага нашчадка на пасаду кіраўніка рэспублікі. Некаторыя ўплывовыя чачэнскія сілавікі пачалі развешваць партрэты Адама ў сваіх кабінетах побач з выявамі Кадырава-старэйшага і Пуціна.