На дарогах Беларусі ўвядуць часовае правіла для вадзіцеляў
- 23.08.2026, 17:05
ДАІ патрабуе ўключаць бліжняе святло або дзённыя хадавыя агні.
З 25 жніўня па 5 верасня пры руху ў светлы час сутак транспартны сродак павінен быць абазначаны бліжнім святлом фар або ўключанымі дзённымі хадавымі агнямі, паведамляюць «Мінск-Навіны».
Гэта патрабаванне правілаў (п. 166.9 ПДР), якое трэба выконваць штогод з 25 мая па 5 чэрвеня, а таксама напрыканцы лета — на пачатку восені. У гэтыя перыяды дзеці адпраўляюцца на канікулы, расслабляюцца і больш гуляюць на вуліцы або, наадварот, масава вяртаюцца ў школы, перамяшчаюцца па горадзе і пераходзяць дарогі.
Таму вадзіцелям карысна павысіць сваю ўважлівасць у жылых зонах, каля прыпынкаў грамадскага транспарту, пешаходных пераходаў і ўстаноў адукацыі, а таксама з дапамогай бліжняга святла зрабіць аўтамабіль больш прыкметным для дзяцей.
Калі парушыць правілы карыстання вонкавымі светлавымі прыборамі аўтамабіля, можна атрымаць штраф да трох базавых велічынь (да 135 BYN у 2026 годзе).
Паводле інфармацыі міліцыі, на дарогах рэспублікі з пачатку года загінулі 16 непаўналетніх, 245 атрымалі траўмы. З улікам набліжэння навучальнага года бацькам не лішне яшчэ раз нагадаць дзецям пра правілы бяспекі на дарогах і прайсці маршрут ад дома да школы разам са сваім дзіцём, звяртаючы яго ўвагу на месцы, дзе трэба павысіць асцярожнасць і ўважлівасць.