У рэйтынг мільярдэраў Forbes увайшлі два беларусы
- 23.08.2026, 17:22
Адзін з іх — выхадзец з Гомеля.
Forbes апублікаваў рэйтынг America's Richest Immigrants 2026 – найбагацейшых імігрантаў краіны. У яго ўвайшлі рэкордныя 144 мільярдэры, якія нарадзіліся за мяжой, але з'яўляюцца грамадзянамі ЗША. У спіс трапілі і двое ураджэнцаў Беларусі.
У рэйтынг ад Forbes трапіў сузаснавальнік кампаніі AI Perplexity Дзяніс Ярэц. Ён заняў 97-е месца, яго стан ацанілі ў 2,1 млрд долараў.
39-гадовы Дзяніс Ярэц — выхадзец з Гомеля, а цяпер жыхар Сан-Францыска, піша «Зеркало». Ён скончыў БДУ, у 2011 годзе атрымаў прапанову ад Microsoft у каманду распрацоўшчыкаў пошукавіка Bing, а пасля працаваў даследчыкам у лабараторыі Facebook AI Research, стаў мільярдэрам дзякуючы долі якраз у стартапе Perplexity, які распрацаваў пошукавую сістэму на базе штучнага інтэлекту з выдачай абагульненай інфармацыі з уласных крыніц. Ярэц — тэхнічны дырэктар праекта.
У 2025 годзе кампанію ацанілі ў 20 млрд долараў. Сярод інвестараў — заснавальнік Amazon Джэф Безас, вучоны і «хросны бацька ШІ» Ян Лекун, галоўны навуковы супрацоўнік Google Джэф Дын.
Другі беларус у рэйтынгу — заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі WorldQuant, 60-гадовы Ігар Тульчынскі, — на 113-м месцы з капіталам, па ацэнках Forbes, 1,7 млрд долараў.
Тульчынскі нарадзіўся ў Мінску і яшчэ ў 11 гадоў разам з сям'ёй пераехаў у ЗША. Пачынаў кар'еру ў AT&T Bell Laboratories, пасля працаваў у буйной амерыканскай брокерскай фірме Interactive Brokers, якая дае доступ да сусветных фондавых рынкаў, і ў буйным і паспяховым хедж-фондзе Millennium.
У 2007 годзе ён заснаваў WorldQuant — міжнародную кампанію, якая займаецца інвестыцыйнымі стратэгіямі і прагназуе цэны актываў з дапамогай аўтаматызаваных матэматычных і камп'ютарных мадэляў. Цяпер яна кіруе актывамі прыкладна на 17 млрд долараў.
Таксама паведамляецца, што абодва беларусы ўвайшлі і ў іншы рэйтынг Forbes гэтага года — 250 найбольш паспяховых імігрантаў ЗША. Там яны памяняліся месцамі: 183-е займае Ігар Тульчынскі, Дзяніс Ярэц ідзе за ім і знаходзіцца на 146-м.
Найбагацейшым імігрантам ЗША з'яўляецца Ілан Маск — ураджэнец ПАР. Усяго Forbes адзначыў 144 мільярдэраў, якія нарадзіліся ў 45 краінах і тэрыторыях свету, сукупны капітал усіх ацэньваецца ў 2,2 трлн долараў. Паведамляецца, што гэтыя людзі складаюць амаль 15% усіх амерыканскіх мільярдэраў і валодаюць чвэрцю багацця мільярдэраў краіны. Год таму ў рэйтынгу было 125 чалавек з сукупным капіталам 1,3 трлн.
Найбольшую колькасць найбагацейшых імігрантаў ЗША далі Індыя — 19 чалавек, Ізраіль і Тайвань — па 11. Акрамя ўраджэнцаў Беларусі, у спісе яшчэ двое выхадцаў з Расіі, па адным з Украіны і Польшчы.