BE RU EN

Калос на гліняных нагах

  • Пётр Алешчук
  • 23.08.2026, 21:03

Навошта Пуціну спатрэбіліся мошчы Дзмітрыя Данскога?

Шырокую цікавасць выклікала своеасаблівае цыркавое шоу, якое расійскі дыктатар уладкаваў з так званым «набыццём мошчаў» даўно памерлага князя Дзмітрыя Данскога. Фактычна гаворка пра ўскрыццё пахавання чалавека, які памёр шмат стагоддзяў таму, рэшткі якога цяпер мяркуецца выкарыстоўваць у межах ідэалагічнага суправаджэння вайны супраць Украіны.

Атрымліваецца, што Дзмітрый Данскі стаў ці не першым «прызыўніком» меркаванай восеньскай мабілізацыі 2026 года. Толькі мабілізавалі пакуль даўно памерлага князя, чые мошчы павінны накіравацца на фронт, каб такім чынам натхняць «праваслаўных воінаў». Як на гэта мусяць рэагаваць шматлікія мусульмане і будысты, якія сёння служаць у расійскай арміі, сказаць складана.

Праўда, справа даўно ўжо не столькі ў рэлігіі. Гаворка пра фармаванне дзіўнага сінкрэтычнага імперскага культу, у якім адначасова суіснуюць мошчы Дзмітрыя Данскога, раней вынятыя рэшткі адмірала Ушакава, Сталін, помнікаў якому ў Расіі становіцца ўсё больш. Ленін, Мікалай I і наогул усе гістарычныя персанажы, якіх можна якім-небудзь чынам упісаць у адзіную імперскую канструкцыю і забяспечыць адпаведным тлумачэннем ад умоўнага Мядзінскага.

Збоку ўсё гэта выглядае даволі смешна і іранічна, нагадваючы нейкую камедыю абсурду. Нешта сярэдняе паміж Пялевіным і «Сусветнай гісторыяй» Мэла Брукса.

Але за ўсёй гэтай вонкавай камічнасцю хаваецца сапраўды важны сімптом. Сімптом глыбокай ідэалагічнай крызіснасці цяперашняга расійскага рэжыму.

Чаму путынскі рэжым — гэта не зусім таталітарызм

У СМІ цяперашні расійскі рэжым даволі часта характарызуюць як таталітарны. Аднак з пункту гледжання палітычнай навукі такое вызначэнне не зусім карэктнае.

Таталітарны рэжым — гэта даволі спецыфічная форма палітычнага ўладкавання. Такіх рэжымаў у сусветнай гісторыі было адносна няшмат, а ў сучасным свеце ў класічным выглядзе амаль не засталося. Магчыма, найбольш блізкім прыкладам сёння з'яўляецца КНДР (адна з найбольш закрытых і ізаляваных краін свету).

Важна разумець: таталітарны рэжым — гэта не проста максімальна жорсткі або рэпрэсіўны рэжым. Аўтарытарныя дыктатуры таксама здольныя весці войны, ажыццяўляць масавыя рэпрэсіі і здзяйсняць злачынствы супраць чалавечнасці.

У таталітарызму ёсць пэўныя прыкметы. Не паглыбляючыся ў паўнавартасную лекцыю па палітычнай навуцы, варта назваць тры найбольш важныя з іх: наяўнасць дзяржаўнай ідэалогіі, наяўнасць таталітарнай партыі, якая выступае галоўным інструментам распаўсюджвання гэтай ідэалогіі, і практычна татальны кантроль дзяржавы над грамадствам, што выключае існаванне аўтаномных сфер грамадскага жыцця.

Сучасны расійскі рэжым, безумоўна, з'яўляецца дыктатарскім і ўяўляе сабой поўную процілегласць дэмакратыі. Больш за тое, ён відавочна імкнецца стаць таталітарным.

Пуцін і значная частка яго асяроддзя сфармаваліся яшчэ ў часы савецкага таталітарызму. На чыста інтуітыўным узроўні яны ўспрымаюць гэтую мадэль дзяржавы як правільную і імкнуцца яе ўзнаўляць.

Яны хочуць пабудаваць таталітарную сістэму. Але ў іх не выходзіць. І адна з галоўных прычын — адсутнасць ідэалогіі. Расійская ўлада спрабуе прыдумаць гэтую ідэалогію ўжо не адно дзесяцігоддзе. Яе спрабуюць сабраць, склеіць з розных гістарычных элементаў, але паўнавартаснай ідэалогіі як не было, так і няма.

Яна нават не мае зразумелай назвы. Няма якога-небудзь зразумелага тэксту, у якім былі б выкладзеныя яе асноўныя палажэнні. А паўнавартасная ідэалогія без тэксту практычна немагчымая.

У Савецкім Саюзе ідэалогія існавала. У нацысцкай Германіі яна існавала. Прычым у абодвух выпадках яна была дастаткова зразумелая максімальна шырокім пластам грамадства. Большасць грамадзян СССР, вядома, не разбіраліся ў тонкасцях марксізму-ленінізму. Але яны прыблізна ўяўлялі канчатковую мэту. Бескласавае грамадства, усеагульная роўнасць, перадусім сацыяльная.

Гэта спрошчанае ўяўленне, але яно было зразумелае. Менавіта гэтая ідэя дазваляла савецкаму таталітарызму мабілізаваць уласных грамадзян, прыцягваць прыхільнікаў у іншых краінах, распаўсюджваць камунізм па ўсім свеце і ператварыць яго ў сур'ёзную ідэалагічную пагрозу заходняй дэмакратыі.

З германскім таталітарызмам сітуацыя была падобнай. Існавала выразная ідэалогія нацызму. Панаваўанне нямецкай нацыі, будаўніцтва вялікага рэйха, атрыманне «жыццёвай прасторы». Жудасная, злачынная, але пры гэтым цалкам зразумелая ідэя.

А якая ідэя ляжыць у аснове рэжыму Пуціна? Расійскія ўлады спрабуюць адначасова «косплеіць» практычна ўсе ідэалагемы, якія калі-небудзь існавалі ў гісторыі Расіі.

Яны пастаянна звяртаюцца да Сталіна, але пры гэтым не могуць абаперціся на камуністычную ідэалогію сталінскага перыяду. Бо тады неадкладна паўстане пытанне. А якім чынам камунізм суадносіцца з сучаснай расійскай эканомікай, якая з'яўляецца не проста капіталістычнай, а ў значнай ступені алігархічнай?

Відавочна, што Расія не вядзе вайну за сацыяльную роўнасць або сацыяльную справядлівасць. Тады за што? За «рускі свет»? Але што такое «рускі свет»? Што канкрэтна ён павінен даць звычайнаму чалавеку? Чаму чалавек павінен дзеля яго рызыкаваць жыццём? Зразумелага адказу няма.

Таму пастаянна выцягваюцца розныя ідэалагічныя «костылі» кшталту палітычнага праваслаўя. Логіка тут максімальна прымітыўная. Калі ты праваслаўны, калі ты верыш у Бога, значыць, павінен падтрымліваць Пуціна.

Для пэўнай часткі грамадства гэта сапраўды можа працаваць. Але ідэалогія сучаснай дзяржавы не можа будавацца выключна на рэлігійных догматах. Ідэалогія — гэта перадусім уяўленне пра сацыяльны і палітычны лад, пра будучыню грамадства, а не толькі пра духоўную сферу.

І тут узнікае галоўнае пытанне. За што канкрэтна павінны змагацца расіяне і чаму яны павінны да апошняга падтрымліваць рэжым Пуціна і яго знешнепалітычныя амбіцыі? Адказу на гэтае пытанне расійская ўлада не дала. І, па вялікім рахунку, даць яго не можа.

Калос на гліняных нагах

Адсутнасць ідэалогіі з'яўляецца адначасова адной з галоўных слабасцяў цяперашняга расійскага рэжыму. І менавіта яно дазваляе казаць пра яго як пра калоса на гліняных нагах.

Гэты рэжым існуе так доўга не таму, што валодае нейкай асаблівай унутранай трываласцю. На працягу дзесяцігоддзяў Захад зыходзіў з неабходнасці захоўваць расійскую дзяржаўнасць, не дапускаць яе дэстабілізацыі, падтрымліваць эканамічныя сувязі і інтэграваць Расію ў сусветную сістэму. У выніку ўзнік своеасаблівы футляр імперыі, унутры якога аказалася значна менш зместу, чым прынята лічыць.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму Расійская Федэрацыя знаходзілася ў стане найцяжэйшага ўнутранага крызісу. Потым з'явіўся былы супрацоўнік КГБ Уладзімір Пуцін, якому ўдалося паступова выбудоўваць новую вертыкаль улады.

З гэтага моманту расійскі рэжым пастаянна спрабуе знайсці ўласнае ідэалагічнае падмур'е. Такую сістэму поглядаў, якая дазволіла б бясконца мабілізаваць новых салдат, накіроўваць іх на вайну і тлумачыць ім, чаму яны павінны паміраць дзеля імперскіх амбіцый кіраўніка дзяржавы. Але ахвотных становіцца недастаткова. А ідэалогіі як не было, так і няма.

Да ідэалагічнай праблемы сёння дадаецца яшчэ адна. Разбурэнне адчування дзяржаўнай сілы і абароненасці, на якім Пуцін дзесяцігоддзямі будаваў значную частку сваёй легітымнасці.

Расійская мадэль прапаноўвала насельніцтву досыць простую няпісаную дамову. Грамадзяне адмаўляюцца ад рэальнага палітычнага ўдзелу, а дзяржава ўзамен забяспечвае парадак, стабільнасць і пачуццё прыналежнасці да «вялікай дзяржавы». Украінскія ўдары дальняга дзеяння паступова руйнуюць і гэтую канструкцыю.

Менавіта таму атакі Украіны на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, нафтабазы, тэрміналы, лагістычныя вузлы і ваенныя склады маюць значэнне, якое значна перавышае кошт знішчанага абсталявання. Толькі ў жніўні гэтая кампанія дала даволі адчувальныя вынікі. Пасля ўкраінскай атакі 11 жніўня спыніў перапрацоўку Орскі НПЗ магутнасцю каля 115 тыс. барэляў у суткі. 19–20 жніўня Украіна нанесла ўдары па НПЗ ТАНЕКО ў Татарстане і нафтаваму тэрміналу «Таманьнефтегаз», дзе ўзніклі пажары. Reuters адзначаў, што інтэнсіўнасць украінскіх атак ужо паспрыяла паліўнаму крызісу ў Расіі.

У гэты момант вайна перастае быць тэлевізійнай. Яна прыходзіць непасрэдна ў расійскую паўсядзённасць. І разам з гэтым руйнуецца адзін з фундаментальных міфаў пуцінскай сістэмы. Міф пра тое, што дзяржава ўсесільная, кантралюе сітуацыю і здольная гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам. Менавіта тут ваенны і эканамічны эфект украінскіх удараў злучаецца з палітычным.

Чым больш рэсурсаў Крэмль вымушаны накіроўваць на абарону НПЗ, складаў, аэрадромаў, партоў і лагістычных аб'ектаў па вялізнай тэрыторыі краіны, тым складаней падтрымліваць вобраз дзяржавы, якая нібыта цалкам кантралюе ход вайны. А чым часцей расійскія грамадзяне сутыкаюцца з яе непасрэднымі наступствамі, тым цяжэй тлумачыць ім неабходнасць новай мабілізацыі дзеля мэтаў, якіх яны да канца не разумеюць.

Прадстаўнікі ўкраінскіх падраздзяленняў далёкіх беспілотных сістэм наўпрост звязваюць такія аперацыі не толькі з эканамічным аслабленнем Расіі, але і з псіхалагічным ціскам, здольным наблізіць вяртанне Масквы да перамоваў.

Навошта спатрэбіліся мошчы Дзмітрыя Данскога

У гэтым кантэксце вяртаемся да мошчаў Дзмітрыя Данскога. Тое, што расійская ўлада вырашыла літаральна выцягнуць з магілы сярэднявечнага князя і ператварыць яго рэшткі ў інструмент сучаснай дзяржаўнай прапаганды, якраз і з'яўляецца праявай той самай ідэалагічнай пустэчы.

Гэтую пустэчу спрабуюць запоўніць псеўдарэлігійнымі культамі, якім штучна надаюць палітычны сэнс. Рэжым мётаецца паміж палітычным праваслаўем, неасталінізмам, дарэвалюцыйным імперствам, геапалітычнымі канструкцыямі, культам Вялікай Айчыннай вайны і шматлікімі гістарычнымі міфамі.

З усяго гэтага спрабуюць сабраць адзіную ідэалогію. Але сабраць яе не атрымліваецца. Помнік Сталіну побач з праваслаўнымі мошчамі — гэта не сведчанне ідэалагічнай сілы. Гэта дыягназ рэжыму.

Савецкі камунізм мог хаця б патлумачыць свайму прыхільніку, якую будучыню ён абяцае пабудаваць. Пуцінскі рэжым здольны патлумачыць пераважна тое, каго трэба ненавідзець, з кім трэба ваяваць і якое мінулае неабходна бясконца ўзнаўляць. Але ён амаль нічога не здольны сказаць пра будучыню.

І таму кожны новы рытуал (ад чарговага помніка Сталіну да «набыцця» мошчаў чарговага імперскага героя) толькі мацней падкрэслівае адсутнасць таго, што гэтымі рытуаламі спрабуюць замяніць.

А рэжым, які патрабуе ад грамадства ўсё новых ахвяр, але не здольны пераканаўча растлумачыць, дзеля чаго гэтыя ахвяры павінны прыносіцца, аказваецца значна менш устойлівым, чым спрабуе выглядаць.

Пётр Алешчук, доктар палітычных навук, прафесар КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org

Апошнія навіны