Дроны атакавалі лагістычныя хабы Ozon у Краснадары, Адыгеі і Невіннамыску
- 24.08.2026, 7:55
На поўдні Расіі ўспыхнулі пажары.
Уначы 24 жніўня прагучалі выбухі адразу ў некалькіх рэгіёнах РФ, у прыватнасці на поўдні. Паведамляецца пра паспяховыя ўдары па трох, а то і чатырох складскіх комплексах буйнага расійскага маркетплэйса Ozon.
У месцах трапленняў успыхнулі пажары. Пра наступствы атакі паведамілі ў Telegram-канале Exilenova+ і ў незалежным расійскім выданні ASTRA.
Рэспубліка Адыгея
У Адыгеі гэтай ноччу мясцовыя назіралі магутны пажар пасля атакі дронаў.
Як паведамлялі ў Telegram-канале Exile+, атаке падвергнуўся лагістычны цэнтр Ozon у Адыгеі, паблізу пасёлка Энем, плошчай каля 91 200 м².
«Аб’ект з’яўляецца адным з важных лагістычных вузлоў Ozon у рэгіёне і выкарыстоўваецца для прыёму, сартавання, захоўвання і далейшай рассылкі замоваў. Праз яго тавары накіроўваюцца ў пункты выдачы і на іншыя лагістычныя аб’екты Ozon у Краснадарскім краі, Адыгеі і іншых рэгіёнах Паўночнага Каўказа і поўдня Расіі. На тэрыторыі цэнтра захоўваюцца і апрацоўваюцца вялікія аб’ёмы тавараў маркетплэйса», – адзначалі ў канале.
Стаўрапольскі край
Паводле OSINT-аналізу ASTRA, гэтай ноччу ў Невіннамыску Стаўрапольскага краю падвергнуўся атацы і гарыць буйны склад Ozon.
Гэтай ноччу жыхары гэтага рэгіёну скардзіліся на выбухі. А губернатар Стаўрапольскага краю Уладзімір Уладзіміраў заявіў, што расійская СПА, маўляў, «адбівае налёт варожых беспілотнікаў, які накіраваны на прамзону Невіннамыска».
«Ёсць збіцці», – хваліўся расійскі чыноўнік, сціпла змоўчаўшы пра тое, што, відаць, ёсць і прылёты.
«Паводле аналізу ASTRA кадраў відавочцаў, апублікаваных у тг-каналах, атакаваны склад Ozon па адрасе: Прыазёрная вуліца, 25с1к1, Невіннамыск, Стаўрапольскі край. Гэта рэгіянальны фулфілмент-цэнтр. Плошча будынка — 93 514 м². Цэнтр прызначаны для захоўвання і сартавання харчовых і нехарчовых тавараў, камплектавання замоваў і іх адпраўкі кліентам Ozon», – адзначала выданне.
У ASTRA таксама паказалі відэа з тэрыторыі аб’екта, знятае, відаць, адразу пасля ўдару.
Краснадарскі край
У ASTRA паведамілі пра пажар у выніку атакі дронаў адразу на двух складах у Краснадары: сеткі крамаў тавараў для дома Kuchenland Home і кампаніі Ozon. Удар па апошнім пацвердзілі і ў прэс-службе маркетплэйса.
«Сёння, 24 жніўня, пад атаку БПЛА трапіў лагістычны цэнтр у Краснадары. Усе сістэмы спрацавалі ў штатным рэжыме, мы аператыўна эвакуявалі супрацоўнікаў. Папярэдне, пацярпелых няма. <�…>Пачаўся буйны пажар, на месцы працуюць экстранныя службы. Работа склада спыненая», – заявілі там.
Кадры пажару і дыму над горадам у сетцы пачалі з’яўляцца яшчэ на пачатку сутак.
«На ўскраіне Краснадара папярэдне гарыць Ozon», – пісалі тады ў Exilenova+.
Пажар у Краснадары
Таксама ў канале звярталі ўвагу на хаатычную стральбу расійскай СПА ў горадзе.
«У Краснадары СПАшнікі разраджаюцца ва ўсе бакі, заўтра напішуць, што «кіеўскі рэжым» расх*ярыў палову Краснадара», – адзначылі ў Exilenova+ .
Рэспубліка Дагестан
Як сцвярджаюць у Exilenova+, ракета трапіла ў склад Ozon у Дагестане. Ён размешчаны ў пасёлку Цюбэ.
Гэты склад знаходзіцца ў прамысловым парку «Цюбэ», яго агульная плошча складае каля 130 тыс. кв. м .
На тэрыторыі комплексу пасля траплення ўзнік маштабны пажар.
«Аб’ект мае важнае лагістычнае значэнне для Ozon на Паўночным Каўказе: ён прызначаны для апрацоўкі значных аб’ёмаў тавараў і замоваў і з’яўляецца адным з ключавых вузлоў лагістычнай сеткі кампаніі ў рэгіёне. Адначасова комплекс меў значэнне і для міжнароднай лагістыкі: яго разглядалі як рэгіянальны хаб для развіцця паставак у напрамку Азербайджана і Ірана ў рамках міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач—Поўдзень», – адзначылі ў Exile+.
Паводле падлікаў канала, гэта была трэцяя атака на складскія і лагістычныя аб’екты Ozon за сёння. Аднак з улікам Краснадара, дзе атаку пацвердзілі ў самой кампаніі, яна можа быць ужо чацвёртай.