Украіна адзначае 35 гадоў незалежнасці
- 24.08.2026, 8:36
За скупымі радкамі афіцыйнай гісторыі хаваецца нямала цікавых дэталяў.
Дзень Незалежнасці Украіны штогод адзначаюць 24 жніўня — менавіта ў гэты дзень у 1991 годзе Вярхоўная Рада прыняла Акт абвяшчэння незалежнасці.
Аднак шлях да гэтага гістарычнага рашэння пачаўся значна раней і заняў не адно дзесяцігоддзе, піша УНІАН.
Як з'явіўся Дзень Незалежнасці Украіны — гісторыя даты
Гісторыя барацьбы ўкраінцаў за ўласную дзяржаўнасць пачалася задоўга да 1990-х гадоў. 22 студзеня 1918 года Украінская Цэнтральная Рада IV Універсалам абвясціла незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі. А праз год, у тую ж дату, на Сафійскай плошчы ў Кіеве абвясцілі пра аб'яднанне УНР і Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі. Поўнасцю рэалізаваць Акт Злукі тады не ўдалося, аднак ён стаў важным сімвалам еднасці ўкраінскіх земляў.
15 сакавіка 1939 года незалежнасць абвясціла Карпацкая Украіна. Аднак яна праіснавала нядоўга — неўзабаве яе тэрыторыя была акупаваная Венгрыяй.
Сучасны этап барацьбы за незалежнасць пачаўся 16 ліпеня 1990 года, калі Вярхоўны Савет УССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Украіны. Дакумент замацаваў права рэспублікі самастойна вызначаць унутраную і знешнюю палітыку.
Восенню 1990 года ў Кіеве адбылася Рэвалюцыя на граніце — студэнцкі пратэст супраць захавання савецкай сістэмы і падпісання новай саюзнай дамовы. Значную ролю ў руху да незалежнасці таксама адыграў Народны Рух Украіны. Аднак пераломным момантам стаў жнівеньскі путч 19–21 жніўня 1991 года. Пасля яго правалу Вярхоўная Рада УССР 24 жніўня правяла пазачарговае пасяджэнне і прыняла пастанову аб абвяшчэнні незалежнасці Украіны і Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны. Пазней гэтае рашэнне пацвердзілі грамадзяне на агульнаўкраінскім рэферэндуме.
Такім чынам, Дзень Незалежнасці Украіны 1991 года стаў сімвалам канчатковага выхаду краіны са складу СССР.
Дзень Незалежнасці Украіны — цікавыя факты
За скупымі радкамі афіцыйнай гісторыі хаваецца нямала жывых дэталяў — пра тое, як менавіта нараджалася незалежнасць Украіны, ведаюць далёка не ўсе.
Першапачаткова Дзень Незалежнасці адзначалі 16 ліпеня
Калі казаць пра тое, якога ліку Дзень Незалежнасці Украіны адзначалі першапачаткова, то першай датай было не 24 жніўня, а 16 ліпеня.
Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўная Рада прыняла Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Украіны і ўстанавіла яго Днём незалежнасці. Пасля абвяшчэння незалежнасці дату перанеслі на 24 жніўня.
Акт абвяшчэння незалежнасці напісалі за паўтары гадзіны ў школьным сшытку
Чарнавік Акта Леўка Лук'яненка і Леанцій Сандуляк набросалі раніцай 23 жніўня — ім хапіла ўсяго паўтары гадзіны і звычайнага школьнага сшытка. Слова «Закон» падалося аўтарам занадта звыклым, а «Універсал» асацыяваўся з Пятлюрай і мог адпудзіць камуністаў, таму спыніліся на слове «Акт».
За Акт 24 жніўня прагаласавалі нават камуністы
Рэклама
Акт падтрымала абсалютная большасць дэпутатаў — 346 галасоў «за». За незалежнасць выступілі і дэпутаты ад кампартыі УССР, якая тады складала большасць парламенту.
Ля парламента падчас пасяджэння сабраліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек
Пакуль у зале ішлі дэбаты, звонку сабраўся шматтысячны натоўп (паводле розных звестак ад 30 да 50 тысяч чалавек) з нацыянальнымі сцягамі — людзі сачылі за ходам пасяджэння (яго транслявалі па радыё) і не разыходзіліся, пакуль дэпутаты не прынялі рашэнне.
У зал Рады ўнеслі сіне-жоўты сцяг і выканалі гімн Украінскіх Сечавых стральцоў
У канцы пасяджэння Рады Вячаслаў Чарнавол прапанаваў унесці ў парламенцкую залу сіне-жоўты сцяг. Але ўрачыста ўзнялі яго над купалам Вярхоўнай Рады толькі 4 верасня.
Пасля пасяджэння ля трыбуны апазіцыйныя дэпутаты выканалі гімн Украінскіх Сечавых стральцоў «Ой у лузі червона калина» — яго падхапілі людзі на вуліцы.
Новую хвалю папулярнасці песня атрымала больш як праз 30 гадоў: у лютым 2022 года саліст «Бумбокса» Андрэй Хлыўнюк спеў яе проста на Сафійскай плошчы, уступіўшы ў тэрабарону Кіева.
Незалежнасць падтрымала ўся Украіна без выключэння
На рэферэндуме 1 снежня 1991 года Акт незалежнасці падтрымалі ва ўсіх без выключэння рэгіёнах краіны: у Кіеве — 92% выбаршчыкаў, у заходніх абласцях — да 95%, у Донецькай, Луганскай, Адэскай і Харкаўскай абласцях — каля 80%, у Крыме — 54%.
Першай незалежнасць Украіны прызнала Польшча
Пасля рэферэндуму незалежнасць Украіны першай прызнала Польшча, за ёй — Канада, пасля — Венгрыя, Літва, Латвія і яшчэ некалькі краін.
Як святкуюць Дзень Незалежнасці Украіны
Сёлета Украіна адзначае ўжо 35-ю гадавіну незалежнасці.
У мірны час гэты святочны дзень заўсёды адзначаўся з асаблівым размахам — ладзіліся ваенныя парады, святочныя канцэрты і фестывалі. Украінцы, ад малога да вялікага, традыцыйна 24 жніўня апраналі вышыванкі або прыколвалі да адзення стужкі ў нацыянальных сіне-жоўтых колерах.
Аднак з 2022 года фармат святкавання кардынальна змяніўся. З-за паўнамаштабнай вайны масавыя мерапрыемствы могуць абмяжоўваць або адмяняць з меркаванняў бяспекі, каб не падвяргаць рызыцы жыцці людзей. Але гэта не перашкаджае ўкраінцам, як і ў папярэднія гады, надзець вышыванку, выканаць гімн і разам памаліцца аб як мага хутчэйшым наступленні міру ў роднай краіне.
Да паўнамаштабнага ўварвання Дзень Незалежнасці заўсёды быў афіцыйным выходным. Але пакуль у краіне дзейнічае ваеннае становішча, 24 жніўня застанецца звычайным працоўным днём — канчатковае рашэнне аб графіку працы ў гэты дзень кожны працадаўца прымае самастойна.
Каменданцкая гадзіна на Дзень Незалежнасці ў рэгіёнах не змяняецца, але ўлады па-ранейшаму просяць украінцаў быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі — не грэбаваць сігналамі паветранай трывогі з-за захавання пагрозы ракетных абстрэлаў.