Лукашэнку зладзілі ганьблівую яўку з павіннай
- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 24.08.2026, 9:08
Прапаганда нагадала балючы для дыктатара факт.
«Гэта было моцна!» — піша набліжаны да Лукашэнкі тэлеграм-канал, публікуючы кадры шасцігадовай даўніны: кіраўнік падчас чарговага шматтысячнага шэсця ў Мінску бегае па тэрыторыі палаца з аўтаматам без магазіна.
Магчыма, такім чынам прапаганда спрабуе падбадзёрыць і свайго патрона, і сябе, яшчэ раз нагадаўшы пра тое, што Лукашэнка «тут раз і назаўсёды» і «нікуды не ўцячэ».
«Шэсць гадоў мінула, а ў «ворагаў народа» ад гэтых кадраў і дагэтуль падгарае», — сцвярджае аўтар канала, не разумеючы, што робіць яўку з павіннай.
Шэсць гадоў таму «выхад у народ» са зброяй стаў паваротным момантам. Лукашэнка такім чынам канчаткова засведчыў захоп улады, якую ад таго часу збіраўся ўтрымліваць выключна грубай і ўзброенай сілай. Што і робіць дагэтуль.
Неўзабаве пасля гэтага прагучала сумнавядомая і лёсавызначальная ўстаноўка «часам не да законаў», якая дала старт ператварэнню сілавых структур у апрычнікаў рэжыму.
Нядаўна прызначаны міністр унутраных спраў Іван Кубракоў пачаў душыць народныя пратэсты ў рэжыме вайсковай аперацыі. У начных сафары на пратэстоўцаў адзначыліся і набліжаныя да двара, напрыклад, аўтар вышэйзгаданага тэлеграм-канала Наталля Эйсмант.
Танцы з «калашнікавым» прывялі да таго, што сёння прысцярэламу вождзю даруюць аўтамат «не для вайны»: падавіўшы пратэсты, ён трапіў у татальную залежнасць ад Расіі і ўрэшце ўцягнуў Беларусь у найбольш крывавы еўрапейскі канфлікт стагоддзя.
Зброю адзін аднаму даруюць і яго апрычнікі, нагадваючы сабе і іншым, што ў 2020-м яны перамаглі ўласны народ.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»