BE RU EN

У Беларусі хочуць увесці абавязковую рэгістрацыю ДНК

  • 24.08.2026, 11:17

Улады плануюць стварыць генетычную базу грамадзян.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Беларусі прапануе ўвесці абавязковую геномную рэгістрацыю грамадзян. Аб гэтым заявіў кіраўнік ведамства Аляксей Волкаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Першы інфармацыйны».

Паводле яго слоў, падобныя законы ўжо дзейнічаюць у шэрагу краін, а Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз выступіў ініцыятарам распрацоўкі аналагічнага дакумента ў Беларусі.

— Пытанне пакуль знаходзіцца на стадыі прапрацоўкі, але, бачачы актуальнасць і неабходнасць гэтай тэмы, мы актыўна гэтым займаемся. І знаходзім падтрымку ў нашых калег, у тым ліку ў праваахоўным блоку і іншых дзяржаўных органах, — заявіў Волкаў.

Ён лічыць, што такі закон «рана ці позна» будзе прыняты.

Пры гэтым чыноўнік не ўдакладніў, у каго менавіта будуць браць узоры ДНК і якая адказнасць можа быць прадугледжана за адмову.

— Мы не кажам, што трэба ўзяць і адным махам узоры ДНК ва ўсіх жыхароў краіны. Гэтая праца, на наш погляд, павінна заняць пэўны перыяд: год, два, тры, чатыры, магчыма, у залежнасці ад катэгорый. Пэўныя катэгорыі будуць першачарговымі, некаторыя можна вызначыць на пазнейшы тэрмін, — сказаў ён.

Акрамя таго, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз сумесна з Мінздароўем і Нацыянальнай акадэміяй навук працуе над стварэннем «генетычнага пашпарта» грамадзян.

Паводле слоў Волкава, ён павінен утрымліваць інфармацыю пра генетычную схільнасць чалавека да розных захворванняў і дапамагаць вызначаць неабходнасць дадатковых абследаванняў.

Кіраўнік ведамства таксама назваў ДНК-ідэнтыфікацыю будучыняй крыміналістыкі. Паводле яго слоў, нават калі злачынца спрабуе знішчыць сляды, біялагічны матэрыял застаецца на месцы здарэння прыкладна ў 90% выпадкаў.

У якасці прыкладу Волкаў прывёў раскрыццё справы серыйнага забойцы, які дзейнічаў у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Устанавіць яго асобу ўдалося дзякуючы ДНК-экспертызе.

Паводле чыноўніка, эфектыўнасць такой базы значна ўзрастае, калі ў ёй утрымліваюцца дадзеныя прыкладна 40% насельніцтва.

— Пакуль мы да гэтага не дайшлі, але бачым, што па меры напаўнення базы «ДНК-ідэнтыфікацыя» яна працуе ў разы больш эфектыўна. За гэтым напрамкам дзейнасці, я лічу, будучыня, — заявіў Волкаў.

Апошнія навіны